Звольненыя чацвёра суддзяў, якія судзілі апазіцыянераў
Агулам сваіх пасадаў пазбавіліся 14 суддзяў.
Сярод іх і тыя, хто выносіў абвінаваўчыя прысуды прадстаўнікам апазіцыі і за гэта ўключаны ў спіс неўязных у краіны ЕС. Такое рашэнне змешчана ва ўказе №278 Аляксандра Лукашэнкі.
Так, Наталля Чацьвярткова звольненая з пасады намесніка старшыні і суддзі Партызанскага раёна Мінску "ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў". Яна вяла працэс супраць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Алега Гнедчыка, Уладзіміра Яроменка, Іллі Васілевіча і Фёдара Мірзаянова.
З пасады суддзі Цэнтральнага раёна Мінска звольнены Аляксандр Хадановіч — у сувязі з выхадам на працу сваёй калегі Таццяны Паўлючук. Яна, як адзначаецца ва ўказе, знаходзілася ў сацыяльным адпачынку.
Саму ж Таццяну Паўлючук пры гэтым звольнілі з пасады суддзі Цэнтральнага раёна па ўласным жаданні. І Паўлючук, і Хадановіч выносілі абвінаваўчыя прысуды шматлікім актывістам апазіцыі.
"У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў" з пасады суддзі Фрунзенскага раёна Мінску звольненая Ганна Самалюк. Яна таксама вяла справы шмат каго з актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Фота — yspex.biz