"Рок-каранацыя" — па намінацыях
Так, лепшых у намінацыі “цяжкая музыка” вызначаць тыя, хто найлепей арыентуецца ў гэтым музычным кірунку. Гэта вядучы мэтал-фэстаў і аўтар праграмы пра цяжкую музыку “Маса-Бруто”, якая выходзіць на хвалях радыёстанцыі “Мінск” Аляксандар Літвінскі. Сваё меркаванне таксама выкажуць кіраўнік парталу, прысвечанага цяжкой музыцы “Metallection” і музыка Павел Ярмак.
Прадусар, адзін з арганізатараў штогадовага рэгі-фэстывалю Павел Кашырын, журналіст Максім Шумілін і лідэр гурта “Адыс Абеба” Зміцер Іваноў назавуць лепшых у так званай “пазытыўнай” музыцы.
За вызначэньне пераможцы ў намінацыі “Лёгкая музыка” (а гэта аўтарская песня, шансон ды кабарэ) возмуцца прадусар Віталь Супрановіч, музычны крытык Анатоль Мяльгуй і рок-паэт Міхал Анемпадыстаў. Пераможцаў у традыцыйнай намінацыі на “Рок-Каранацыі”, якая так і завецца — “Традыцыі і сучаснасць” (гэта этна/фолк/фолк-рок/фолк-мадэрн/старадаўняя музыка) будуць вызначаць прадусар праекту “Старажытная зямля” Арына Вячорка, арганізатар беларускіх фолк- і рок-канцэртаў у Польшчы Ігар Знык і лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка.
За новую намінацыю “Поп-рок” адказваюць: галоўны рэдактар газэты “Антенна” Сяргей Маліноўскі, журналіст Максім Жбанкоў і тэлевядучая Тамара Лісіцкая. “Хіт году” вызначаць прадстаўнікі друкаваных і электронных СМІ — ві-джэй “Першага музычнага каналу” Каця Пытлева, аўтар праграмы “Каля рока” на “Аўтарадыё” Маша Яр, галоўны рэдактар “Музыкальной газеты” Алег Клімаў і выдавец Інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” Вецер Мэханічны.
“Выканаўцу году” вызначаць наведвальнікі парталу “Тузін Гітоў”. Галасаванне стартуе 5 лютага! Галоўныя намінанты ва ўсіх намінацыях будуць абвешчаныя на прэс-канферэнцыі і на “Тузіне Гітоў” 15 лютага.