“Рок-кола” бярэ паўзу і трансфармуецца ў фольк-фэст “Полацкі сшытак”
"Пілотны выпуск" фэста прапіяраць "Палац", "Нагуаль", "Акана-NHS", "Стары Ольса" і "Абвиотура"
Адзін са старэйшых і самых папулярных беларускіх рок-фестываляў “Рок-кола” бярэ паўзу для пошуку новага фармату. Пра гэта Еўрарадыё распавёў ідэолаг фэста Сяргей Анішчанка.
Сяргей Анішчанка: “Мы не вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага “Рок-Кола”. Пакуль фестываль “Рок-Кола” узяў паўзу, мы шукаем яму новы фармат”.
Каб не сядзець без справы аргкамітэт “Рок-Кола” ўзяўся за новую ідэю і пры падтрымцы полацкага гарвыканкама 21-га лютага ладзіць "пілотны выпуск" новага фестываля этнічнай музыкі “Полацкі сшытак”. Сяргей Анішчанка спадзяецца, што фэст стане традыцыйным.
Сяргей Анішчанка: “Мы хочам, каб гэты фэст стаў традыцыйным на Полацкай зямлі. Калі сёлетні фэст пройдзе здорава, спадабаецца людзям, тады можна будзе працягваць рабіць яго , як “Рок-Колу””.
Арганізатары таксама бачаць фэст будучым удзельнікам дыялогу культур, фестывалем народаў свету, здольным паказаць беларусам музыку розных народаў.
Паводле Анішчанкі, у сёлетнім фэсце возьмуць удзел найбольш запатрабаваныя беларускія гурты “Палац”, “Акана-NHS”, “Нагуаль”, “Стары Ольса” і лаўрэаты апошняга “Рок-Кола” расійскі гурт “Абвиотура”.
Сяргей Анішчанка: “У нас пытаюцца людзі: А праўда, што будзе “Палац”, а праўда, што будзе “Стары Ольса”, а праўда, што Руся заспявала? — Мы выбралі тое, што сёння самае цікавае”.
Лютаўская імпрэза не прадугледжвае аніякіх прызоў і намінацый, аднак верагоднасць з’яўлення конкурснай часткі фэсту ў будучыні – не выключэнне.
Генеральнымі партнёрамі імпрэзы выступаюць кампаніі МТС, ААТ “Белсплат” і грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма”. Нагадаем, фестываль “Полацкі сшытак” адбудзецца 21-га лютага ў 19.00 ў Полацкім гарадскім палацы культуры.
Фота: www.microphone67.ru