"Рок-Кола" забараняюць з-за бел-чырвона-белага сцяга?

У Полацку забаранілі правядзенне фестывалю "Рок-Кола". Паводле меркавання рады па каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры Полацкім гарвыканкаме, ён “неўласцівы гістарычнай і духоўнай спадчыне горада Полацка і Праваслаўю".

Нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская паспрабавала разабрацца ў прычынах такога кроку гарадскіх уладаў.

Ядвіга Сташэўская: “Падставай для такога рашэння стала тое, што падчас фестывалю нехта распісаў шэраг будынкаў у Полацку надпісамі-графіці. Міліцыі давялося ўздымаць па трывозе камунальшчыкаў, і тыя ўначы зафарбоўвалі "творы" графітыстаў. Усё зафарбаваць не паспелі.

Напэўна, выключна "рок-н-рольныя" графіці фанатам даравалі б, але сярод іх былі і апазіцыйныя, антыпрэзідэнцкія надпісы. Апошняй кропляй стаў бел-чырвона-белы сцяг, што з'явіўся ўвечары 28 кастрычніка на будынку полацкага гарвыканкаму. Гэтую акцыю таксама суаднеслі з "Рок-Колам".


Зараз ўсё полацкае чынавенства ў адзін голас заяўляе, што пратакол рады носіць рэкамендацыйны характар і закрываць "Рок-Кола" ніхто пакуль не збіраецца.

Але дырэктар фестывалю Сяргей Анішчанка ўжо не спадзяецца, што "Рок-Кола" калі-небудзь адбудзецца на полацкай зямлі. Паводле спадара Анішчанкі, ён мае некалькі запрашэнняў з Расіі, ў прыватнасці, ад мэра Смаленску. Хутчэй за ўсё, фестывалю давядзецца падацца ў эміграцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі