Сацыёлаг: У Беларусі кожная пятая пара не можа мець дзяцей

111215 Burava s.mp3

Еўрарадыё: 14 снежня 1985 года нарадзіўся 10-мільённы жыхар Беларусі, але з таго часу нас сталася менш зараз нас 9,6 мільёнаў. Чаму так адбываецца?

 

Святлана Бурава: Праблема нараджальнасці звычайна звязана з маладымі сем’ямі. Менавіта на іх ускладаецца ўся надзея. У першыя гады супольнага жыцця звычайна з’яўляюцца дзеці. Але, як паказваюць нашыя даследаванні, прычыны, якія ўплываюць на нараджальнасць, звязаныя з эканамічнай сітуацыяй, са станам здароўя мужчын і жанчын. Вы ведаеце, што ў нас у краіне кожная пятая пара не можа мець дзяцей? І не таму, што не хоча, а таму, што не можа. Гэта звязана з рэпрадуктыўным здароўем і мужчын, і жанчын. Але галоўнае, аднак, не ў гэтым. Галоўнае ў кошце дзяцей. Я маю на ўвазе, як яго накарміць, чым яго накарміць, як яго апрануць, як яго навучыць — цана ўсяго гэтага расце. І гэта можа служыць аб’ектыўным тлумачэннем, што дзяцей становіцца менш.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што эканамічная сітуацыя і ўзровень жыцця ўплываюць на нараджальнасць. Але сусветная статыстыка паказвае, што ў больш бедных краінах нараджаецца больш дзяцей…


Святлана Бурава: У заможных людзей, як правіла, дзяцей не шмат, а ў бедных — наадварот. У Афрыцы, напрыклад, вельмі высокая нараджальнасць, а ў Еўропе — нізкая. Для нашай краіны кожнае дадатковае дзіця, скажам так, з’яўляецца фактарам рызыкі. І тыя мужчыны і жанчыны, якія хацелі б мець больш дзяцей, не могуць гэтага зрабіць, таму што не дазваляе іх матэрыяльнае становішча. Але я б спынілася на іншай прычыне. Менавіта, на змене адносінаў да дзіцяці, як да каштоўнасці. Мы ўсё больш любім сябе, і усё менш любім іншых. Дзіця патрабуе клопатаў, увагі, часу, а сучаснай моладзі хочацца рабіць усё больш для сябе, чым для кагосьці. 

Еўрарадыё: Ці паляпшэнне ўмоваў жыцця напачатку для сябе прывядзе да таго, што гэта каштоўнасць дзіця зноўку вернецца? Ці вернецца гэтая вартасць, каштоўнасць дзіцяці, калі палепшыцца эканамічная сітуацыя?


 Святлана Бурава: Людзі вельмі розныя. Для кагосьці гэта будзе выйсце — яму дадуць большую зарплату, дапамогу для дзіцяці, і ў гэтай сям’і будзе больш дзяцей. Але ў нас вельмі шмат людзей, якія ў прынцыпе не хочуць мець дзяцей. І гэта характэрна не толькі для Беларусі, але і для іншых краін. Калі людзі свядома адмаўляюцца ад дзяцей. Але для пэўнай катэгорыі гэта будзе выратаваннем. Таму што ёсць людзі, якія любяць дзяцей, умеюць іх выхоўваць, і няхай яны гэтым займаюцца.

Еўрарадыё: Ці трэба штосьці рабіць з гэтай ідэалогіяй быць бяздзетным?


Святлана Бурава: Я баюся выказаць нейкую крамольную ідэю, але паглядзіце, колькі людзей на Зямлі. Яна перанаселеная. Можа, нейкім падсвядомым чынам людзі ў многіх краінах свету адмаўляюцца мець дзяцей менавіта таму, што такім чынам рэгулюецца колькасць насельніцтва на планеце. Можа, такім чынам ідзе натуральны працэс рэгуляцыі насельніцтва. Калі гаварыць у планетарным маштабе, то насельніцтва на Зямлі вельмі шмат. Але пра насельніцтва Беларусі мы павінны вельмі клапаціцца. Беларусы не павінны знікнуць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі