Сацыёлагі: Беларусы не вераць, што Расія паўторыць "крымскі сцэнар" у РБ

12 cнежня ў Варшаве прайшла чарговая прэзентацыя сацыялагічных даследаванняў Беларускай аналітычнай майстэрні. У ёй узялі ўдзел прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, палітолаг Андрэй Фёдараў, эканаміст Леанід Злотнікаў і палітолаг Павел Усаў.

Тэма датычыла змены стаўлення беларусаў да падзей ва Украіне. Паводле апошніх сацыялагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў лістападзе, заўважна, што тэндэнцыя “за” анексію Крыма ў Беларусі змяншаецца. Калі раней за “далучэнне” Крыма да Расіі выступалі амаль 69% рэспандэнтаў, то цяпер гэтая лічба складае 59,9%. Калі параўноўваць гэтыя лічбы з Расіяй, то там грамадства па-ранейшаму вітае “далучэнне” паўвострава, за яго выказваюцца 86%.

Што цікава, для Беларусі характэрная "геапалітычная інфантыльнасць". Беларусы не вераць, што Расія можа з нашай краінай зрабіць тое самае, што з Крымам, да таго ж узровень інтарэсу да падзей ва Украіне апошнім часам падае. Як падае і давер да любых сродкаў масавай інфармацыі, якія асвятляюць падзеі ў рэгіёне. Аднак з усіх сродкаў масавай інфармацыі павялічыўся давер і ўзровень выкарыстання новых медыяў (сацсетак, блогаў).

Распавядае прафесар Андрэй Вардамацкі: “Адбыўся зрух медыяпаводзінаў ад пасіўна-спажывецкага да актыўна-селектыўнага. Людзі ва ўмовах татальнай прапаганды з усіх бакоў адыходзяць ад наўпроставага спажывання інфармацыі і пераходзяць да больш свядомага паглынання інфармацыі з элементам удзелу ў яе вытворчасці”.  

Гэта характэрна не толькі Беларусі, дадае навуковец. Працэс глабальны, але ў сувязі з асаблівасцю медыясітуацыі ў нашым рэгіёне тут гэты працэс набірае абароты, і каталізатарам гэтай з’явы сталі працэсы ва Украіне.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі