Самалёты з палякамі вярнуліся ў Варшаву
Самалёты са сваякамі загінулых у катастрофе пад Смаленскам вылецелі з Віцебска ў Варшаву і паспяхова прызямліліся.
Нагадаем, 9-10 кастрычніка сем’і ахвяр катастрофы ляталі ў Смаленск, каб
ушанаваць сваіх загінулых. Потым яны вылецелі дамоў на двух самалётах:
Boeing 737-400 і Embraer. У “боінга” сапсаваўся элемент рухавіка і каля
70 чалавек разам з жонкай польскага прэзідэнта засталіся ў Віцебску, дзе
беларусы ў аэрапорце падалі ім вячэру.
11 кастрычніка раніцай у
Віцебск па іх прыбылі два “эмбраэры”, і пасля 12-гадзіннай затрымкі
палякі выправіліся дадому. Разам з усімі з Віцебска вылецела першая
ледзі Польшчы Анна Камароўска.
Раман Вількашэўскі, прэс-сакратар офіса прэзідэнта Польшчы, сказаў перад адлётам з Віцебска, што ў Беларусі да іх ставіліся вельмі добра:
Раман Вількашэўскі:
- Ад учорашніх падзеяў самыя яркія ўражанні - гэта ад дапамогі з боку
беларусаў. Адзіны ўчорашні клопат - вельмі моцная стома, мы былі 24
гадзіны на нагах, але хутка нас рассялілі ў гатэль і таму мы вельмі
задаволеныя арганізацыяй. Ну зусім хутка мы вылятаем у Варшаву.
Праз
6 месяцаў пасля трагедыі пад Смаленскам сем’і ахвяр катастрофы ТУ-154
зладзілі пілігрымку на месцы гібелі блізкіх, пазначанае памятным
каменем. Людзі пабывалі каля парэшткаў самалёта і ля бярозы, за якую
зачапіўся ТУ-154 Леха Качыньскага. Іх суправаджалі жонкі прэзідэнтаў
Польшчы - Анна Камароўска і Расіі - Святлана Мядзведзева.
Яцэк Бальцэр,
прадстаўнік LOT Polish Airlines, пацвердзіў, што ўдзельнікі паломніцтва
мусілі затрымацца ў Віцебску ў сувязі з адмовай стартэра ў Boeing 737.
Пасля выпраўлення самалёт быў адпраўлены ў Польшчу, а паломнікі
пастанавілі заначаваць у Віцебску, бо вельмі стаміліся.
Яцэк Бальцэр: -
Самалёты ў добрым стане. Самалёты авіякампаніі LOT Polish Airlines
маюць усе неабходныя сертыфікаты, але ўдзельнікі пілігрымкі вырашылі
пераначаваць у Віцебску, каб не ляцець уначы і адпачыць.
Марэк Марцінэк, кіраўнік консульскага аддзелу польскай амбасады ў Мінску, перажываў за землякоў і ўвесь час знаходзіўся ў Віцебску:
Марэк Марцінэк: - Спадзяюся, што ў хуткім часе ўсё паспяхова вырашыцца, мы ўсе вельмі занепакоеныя гэтай сітуацыяй.
Рэпартаж падрыхтаваны з выкарыстаннем матэр'ялаў з http://www.polskieradio.pl/