Самая хардавая рок-князёўна Вольга Самусік спелася з ":B:N:"

:B: N: узарвалі залу «Рэактара», здзіўляючы старымі хітамі ў новай апрацоўцы, і імправізавалі з рэпам Сярогі ды хітамі Дзюбеля. Што яшчэ «выкінуць» музыкі і чым будуць здзіўляць сталічную публіку, глядзіце ў фотарэпартажы Еўрарадыё. Хлопцы не засяродзіліся на ўласных поспехах і прывезлі з сабой 2 цудоўныя маладыя каманды, а таксама падрыхтавалі шэраг неспадзяванак.  

«Разагрэць» публіку быў запрошаны брэсцкі гурт «Спрат» і сталічны «Абшар», ужо добра вядомы менчукам дзякуючы фестывалю «Залатая акустыка» і канцэртам «Рок-школы».





    
Доўгачаканы ":B:N:" распачаў выступ анонсам пра хуткі выхад свайго трэцяга альбому, які будзе прысвечаны 10-годдзю гурта. А пакуль жа са сцэны паліліся старыя хіты з перавыдадзенага акурат напярэдадні канцэрту першага альбому «Не трывай».




Неспадзяванкамі ад гурта сталі дуэты ":B:N:" feat: з Вольгай Самусік на песню «Спіралі», а разам з Насткай Някрасавай прагучала лірычная песня «Дажджамі». Атрымалася проста цудоўна! Такіх «Спіраляў» публіка дагэтуль ніколі не чула! Крыху агрэсіўна, але вельмі драйвова, эпатажна і непаўторна! Думаю, не толькі я падчас выканання песні падумала, што варта б рок-князёўне  Самусік запісаць яшчэ пару песень сумесна з ":B:N:", надзіва выдатна яны спеліся!




Хіт «Дажджамі» ведаюць усе. А ў дуэце з фолк-джазавым вакалам Насткі Някрасавай песня прагучала вельмі шчыра, па-жаноцку пяшчотна, зладжана і кранальна.






На гэтым творчыя ідэі гурту не скончыліся: загучаў дзюбелеўскі «Гузік», выкананы ў павольным тэмпе і ад таго крыху дзіўна, але ўсё роўна з густам і «на ура!».

Колькі доўжыўся канцэрт, столькі не сканчаліся сюрпрызы – нечакана «бээнаўцы» зайгралі стары хіт «Табе ўсё мала» у стылі і на музыку..... «Чорнага бумера» Сярогі, які пасля паціху перайшоў-такі ў звыклае і знаёмае гучанне. 




Не абыйшлося і без прэзентацыі новых песень – прагучала цвёрдая, упэўненая песня-марш «Нашы мэты – нашы мары» і «Мы ідзем разам».

Напрыканцы – сапраўдны гімн «Жыве рок-н-рол» і любімы кавер на песню «Канюшня», а таксама яшчэ некалькі песень на біс на радасць фанатам.

Гэты канцэрт ":B:N:" у «Рэактары» бясспрэчна зацвердзіў, што гурт не стаіць на месцы, сталее і працягвае ствараць хіты. Думаю і спадзяюся, што і першая тысячная аўдыторыя фанатаў для ":B:N:" не за гарамі!







Нагадаю, што канцэрт адбываўся ў межах кампаніі «Будзьма!».

Фота by Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі