Саміт B9 асудзіў Беларусь і ўсіх, хто дапамагае вайне супраць Украіны
Саміт у Варшаве / Reuters
Лідары "Бухарэсцкай дзявяткі" на саміце ў Варшаве 22 лютага дамовіліся падтрымліваць адзін аднаго ў выпадку пагрозы, асудзілі расійскую агрэсію супраць Украіны, а таксама выступілі за ўзмацненне прысутнасці NATO ў рэгіёне. Не забыліся ў заяве і пра Беларусь.
Расія ў дакуменце называецца "самай значнай і прамой пагрозай бяспецы саюзнікаў". Пры гэтым аўтары заявы падкрэсілваюць, што NATO з'яўляецца абарончым альянсам.
Беларусь у дакуменце згадваюць як саюзніцу Расіі па нападзе на Украіну: "Мы самым рашучым чынам асуджаем агрэсіўную вайну Расіі. Колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва Украіны расце праз невыбіральныя ракетныя ўдары Расіі і наўмысныя напады на найважнейшыя аб'екты інфраструктуры, уключаючы выкарыстанне Чорнага мора ў якасці стартавай пляцоўкі. Вінаватыя ў зверствы і ваенных злачынствах будуць прыцягнутыя да адказнасці. Мы маем намер працягваць міжнародны ціск на Расію. Мы таксама асуджаем усіх тых, уключаючы Беларусь, хто актыўна садзейнічае агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны".
Аўтары дакумента заяўляюць, што будуць падтрымліваць Украіну ў вызваленні акупаваных тэрыторый да міжнародна прызнаных межаў, пакуль гэта будзе неабходна. Таксама яны вітаюць еўраатлантычныя памкненні Украіны.
"Мы гатовыя шчыльна супрацоўнічаць і падтрымліваць нашых партнёраў — Рэспубліку Малдова, Грузію, Боснію і Герцагавіну, якія найбольш падатныя рызыцы дэстабілізуючага і шкоднага ўплыву Крамля на ўсходзе і поўдні Альянсу", — гаворыцца ў заяве.
Акрамя кіраўнікоў краін B9 у саміце ўзялі ўдзел прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і генсакратар NATO Енс Столтэнберг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.