Саннікаў і Рымашэўскі перадалі тэксты сваіх праграм для друку ў дзяржпрэсе

Кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Віталь Рымашэўскі перадалі тэксты сваіх праграм для друку ў дзяржаўнай прэсе, паведамляе БелаПАН. Як паведаміў Павел Севярынец, сёння тэкст праграмы Рымашэўскага перададзены для публікацыі ў газуты: "Звязда", "Советская Белоруссия", "Народная газета", "Рэспубліка", "Заря", "Гомельская правда", "Могилевская правда", "Минская правда", "Гродненская правда" і "Витебский рабочий".

Паводле слоў Севярынца, пакуль ніхто з рэдакцый пералічаных выданняў не прад'явіў прэтэнзій да праграмы Рымашэўскага.

Прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў, што праграма Саннікава перададзена ў тыя ж газеты і ў "Минский курьер". Менавіта ў гэтых газетах па рашэнні ЦВК праграма павінна быць апублікаваная, сказаў Атрошчанкаў.

Уладзімір Някляеў збіраецца перадаць сваю праграму для публікацыі ў газетах заўтра, 27 лістапада, паведаміла прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская.

Нагадаем, 25 лістапада кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус паведаміў, што газеты "Советская Белоруссия", "Звязда" і "Минский курьер" адмовіліся друкаваць яго перадвыбарную праграму. Дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка праграмы, у якой ён параўноўваў сённяшнюю выбарчую сістэму Беларусі з выбарчай сістэмай Нямеччыны 30-х гадоў мінулага стагоддзя, сказаў Ус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі