Саннікаў: Улада павінна зрабіць першыя крокі да канца

Улады адпускаюць палітзняволеных і гавораць, што чакаюць ад Еўропы адпаведных крокаў. Еўрарадыё звярнулася да беларускіх палітолагаў з пытаннем, ці можна лічыць гэта за выкананне аднаго з дванаццаці патрабаванняў Еўрасаюзу? І чым можа адказаць Еўропа? Былы намеснік міністра замежных справаў Андрэй Саннікаў лічыць выказванне главы дзяржавы — гандлем:

“Гэта такі даволі брыдкі гандаль. Тое, што ён сказаў, нібыта палітвязняў выпусцілі ў адказ на патрабаванні Еўрасаюзу, гэта не зусім так”.

Не важна, па якіх прычынах былі адпушчаныя палітвязні, пакуль яшчэ некаторыя застаюцца за кратамі, лічыць Саннікаў. За кратамі сёння ўсё яшчэ застаецца Аляксандр Казулін.

Андрэй Саннікаў: “Ёсць пэўныя прынцыпы, на аснове якіх могуць будавацца адносіны з Еўразвязам. І вось гэтыя прынцыпы выключаюць існаванне палітвязняў у Беларусі. А яны яшчэ застаюцца, як мы ведаем”.

На думку Андрэя Саннікава, толькі калі выпусцяць усіх палітзняволеных, Еўропа можа пачаць дзейнічаць у адказ:

“Калі будуць выкананыя першыя крокі да канца, то можна казаць пра паляпшэнне дыялогу з выхадам на больш практычныя адносіны, якія цікавяць абодва бакі. Гэта энергетыка, гэта транспарт, гэта транзіт, гэта экалогія, гэта ўвогуле эканамічнае развіццё Беларусі”.

Старшыня ПАСЕ Луіс Марыя дэ Пуч заявіў, што вызваленне палітвязняў не засталося незаўважаным. Ён таксама пажадаў, каб такая тэндэнцыя працягвалася.

Якія канкрэтна крокі чакаць беларускія ўлады ад Еўропы, Еўрарадыё расказаў галоўны рэдактар “БДГ” Пётр Марцаў:

“Я думаю, ён меў на ўвазе зняцце палітычнага эмбарга на візіты вышэйшых службовых асобаў рэспублікі ў Еўропу. Як мінімум. І думаю, ён меў на ўвазе нейкія інвестыцыйныя праграмы, якія Еўрасаюз можа прапанаваць для Беларусі, і прызнанне парламенцкіх выбараў”.

На думку Пятра Марцава, калі Беларусь хаця б паспрабуе выканаць патрабаванні Еўрасаюзу, той зможа пайсці нам насустрач:

“Што з пункту гледжання Еўразвязу павінен зрабіць Лукашэнка? Гэта выкладзена ў дванаццаці ўмовах Еўразвязу. Зразумела, нашая краіна не можа іх выканаць так адразу ж. Але калі яна будзе хаця б спрабаваць іх выконваць, то, думаю, Еўразвяз пойдзе насустрач”.

Аднак пакуль палітолагі сыходзяцца на думцы, што паляпшэнняў у беларуска-еўрапейскіх адносінах няма. Гаворыць Пётр Марцаў:

“Нейкія баязлівыя крокі нашая краіна пачынае рабіць. Прызнаць іх здавальняючымі пакуль, можа, і нельга. Бачна, што мы спрабуем паказаць нейкія рухі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі