Санслужба заклікае беларусаў вярнуцца да мераў прафілактыкі каранавіруса
Санэпідслужба Мінскай вобласці заклікае людзей узгадаць пра меры асабістай і грамадскай прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Адпаведны зварот апублікаваны на сайце Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Спецыялісты нагадваюць аб тым, што ўвосень людзі вернуцца з адпачынкаў, дзеці пойдуць у школы, у Мінск прыедуць студэнты з іншых гарадоў. Тым часам пандэмія каранавіруса нікуды не знікла. Таму ўсім варта датрымоўвацца правілаў прафілактыкі.
У санслужбе адзначаюць: "З боку грамадскасці ўвага да гэтага пытання практычна знікла... Масава сталі ігнаравацца элементарныя патрабаванні прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, у ліку якіх COVID-19".
Эпідэміёлагі лічаць верагоднай другую хвалю каранавіруса. Яны нагадваюць пра захаванне сацыяльнай дыстанцыі ў грамадскіх месцах, выкарыстанне аднаразовых ці шматразовых масак, аднаразовых пальчатак. Варта таксама як мага часцей мыць рукі або выкарыстоўваць антысептык. Не варта дакранацца нямытымі рукамі да твару, вачэй, слізістых абалонак і іншых участкаў цела.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.