Саша Ракавец: “Замуцім перфоманс перад фэстам!”

Напярэдадні фестывалю BeFree Еўрарадыё сустракаецца з гасцямі імпрэзы, каб даведацца пра неспадзяванкі, якія рыхтуюць беларускія музыкі сваім слухачам, і ці можа, на думку музыкаў, фэст BeFree стаць канкурэнтам «Басовішча». ЕРБ: Як ты лічыш, ці можа фестываль BeFree скласці канкурэнцыю «Басовішчу»?

Саша Ракавец: Ну, зараз я ўжо думаю, што можа. Вельмі істотна, каб арганізатарамі BeFree былі прадуманыя ўсе моманты, якія тычацца арганізацыі фэстаў . Таму што бывае так, што з маленькай дробязі, пра якую забыліся, ўзнікаюць нейкія праблемы.

ЕРБ: А чаму ты кажаш: “Зараз ужо думаю, што можа”. Што змянілася?

Саша Ракавец: Калі браць апошнія «Басы», яны атрымаліся такія… не зусім мне зразумелыя. Але яны ўсё-такі адбыліся, пра іх зараз вядуцца размовы. Значыцца, пакуль яшчэ фестываль жыве! Я не быў яшчэ на BeFree. Паглядзім, што там і як.




ЕРБ:
Што-небудзь новенькае-цікавенькае вы рыхтуеце для фестывалю?

Саша Ракавец: Зараз у нас такая пазіцыя: хутка выходзіць наш новы альбом і мы імкнемся як мага болей адыграць песень з яго, каб людзі ўжо ведалі, што за песні будуць на плыце. Старыя песні таксама граем, але больш увагі надаем новым песням... Можа, нейкі перфоманс ці нешта кшталту яго замуцім перад фэстам. Але часу не хапае, і, хутчэй за ўсё, мы проста зробім так, як атрымаецца. Калі атрымаецца гэта ўсё паспець – тады файна, калі не – шкада.

ЕРБ: Думаеш, што да Львова паспееце нешта зрабіць?

Саша Ракавец: Нават не ведаю. Галоўнае – рэпетаваць! Каб потым нармальна адыграць канцэрт. Ну, а так будзем нешта думаць, будзем нешта муціць. Паглядзім!




ЕРБ:
Ці ўдзельнічалі «лосі» у гэтым фестывалі год таму?

Саша Ракавец: Пад Луцкам там, ці дзе? Нас тады проста не запрасілі. А ў гэтым годзе запрасілі, паабяцалі выканаць нашыя ўмовы. Паедзем!

ЕРБ: Што вас прываблівае ў гэтым фестывалі?

Саша Ракавец: Па-першае, я ва Украіне быў толькі адзін раз, у Кіеве — мы ганялі на канцэрт Muse. Мне падабаецца тамашняя архітэктура, гэта проста цікавая краіна і побач — суседзі!




ЕРБ:
Чаго вы чакаеце ад выступу на фестывалі?

Саша Ракавец: Добра адыграць, каб людзі каўбасіліся пад нас, адрываліся. Можа, калі што-небудзь спадабаецца іншым арганізатарам — запросяць яшчэ на нейкія фэсты.

ЕРБ: А на тваю думку, якая мэта ў фестывалю?

Саша Ракавец: Ну, “BeFree” – быць вольным, быць свабодным.




ЕРБ:
І што для цябе азначае быць вольным?

Саша Ракавец: Для мяне быць вольным —гэта не прывязвацца да нейкіх рамак жыцця, якія зараз у грамадстве склаліся і склаліся даўно. Не абавязкова ж там жаніцца да 25 год! Быць вольным — гэта апранацца як хочаш, паводзіць сябе як хочаш, не глядзець на ўсялякія там шаблоны паводзінаў. Быць вольным —гэта калі ты застаешся самім сабой і табе ў гэтым ніхто не перашкаджае.

Фота: www.generation.by
Еўрарадыё



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі