Сайты ў Беларусь перанеслі, але зарэгістраваць не паспелі
А ў хостэраў узніклі новыя праблемы: уладальнікі сайтаў не хочуць перадаваць свае звесткі для рэгістрацыі. Што будзе з тымі, хто не зарэгістраваўся да 1 ліпеня?
Пасля ўвядзення абавязковай рэгістрацыі беларускім сайтам далі тэрмін да 1 ліпеня, каб пераехаць у Мінск і зарэгістравацца. Займацца гэтым, як вядома, абавязалі хостынг-правайдэраў.
Як даведалася Еўрарадыё, большасць сайтаў ужо пераехала, але зарэгістраваць усіх не паспелі. Беларуская дзяржаўная інспекцыя электрасувязі (БелДІЭ) так і не ўвяла аўтаматычную сістэму, каб спрасціць працэс. Таму некаторым правайдэрам давялося распрацоўваць яе самім.
"Сайтаў вельмі шмат, калі кампанія не ўладальнік аднаго-двух сайтаў, гэта працэс аўтаматызуецца і выконваецца прасцей. Тут пацерпяць больш тыя, хто мае адзін буйны карпаратыўны сайт з ліцэнзійным софтам, завязаным на розныя серверы", — кажа кіраўнік кампаніі NSYS Аляксей Коўб.
З дапамогай робата правайдэр збірае інфармацыю ад сваіх кліентаў, якую потым павінен перадаць у БелДІЭ. Аднак многія кліенты на запыты правайдэраў пакуль не адказалі, таму рэгістрацыя сайтаў будзе працягвацца нават пасля 1 ліпеня. Але ж што будзе з тымі, хто не паспеў да дэдлайну — невядома, бо адказнасці пакуль няма, кажа Максім Саўчанка, дырэктар кампаніі Extmedia:
"Мы ўсіх перанеслі ў Беларусь; тых, хто адказаў нам і даслаў дадатковую інфармацыю, мы накіравалі на рэгістрацыю. Ёсць катэгорыя кліентаў, якія не адказалі нам і не даслалі інфармацыю. Што рабіць з імі, пакуль не зразумела, і што будзе з іх сайтамі — таксама не зразумела, таму што адказнасць пакуль не вызначаная".
Рэгістрацыя пакуль ідзе, але ўсе спадзяюцца, што яе адменяць, альбо падоўжаць дэдлайн. Магчыма, правайдэрам давядзецца самім запаўняць анкеты і рэгістраваць сайты сваіх кліентаў. Бо сітуацыя выглядае парадаксальна: правайдэр абавязаны зарэгістраваць сайт, але не можа зрабіць гэта, таму што кліент не дасылае інфармацыю. Адключыць такога кліента правайдэр не мае права, бо ў дамове гэта не прапісана.
"Мы і выканаць указ не можам, бо не маем інфармацыі ад кліентаў. І не выканаць яго не можам, бо ёсць закон і, магчыма, будзе ўведзеная адказнасць", — кажа Максім Саўчанка.
Але пакуль адказнасці няма, усе цягнуць да апошняга. З іншага боку, адсачыць сярод тысяч сайтаў тыя, што не прайшлі рэгістрацыю, вельмі складана. Да таго ж, многія ўладальнікі сайтаў сышлі за мяжу і перадалі права на карыстанне сваімі інтэрнэт-старонкамі замежным партнёрам ці сваім замежным філіялам. А некаторыя знайшлі выйсце і робяць люстэркі сайтаў.
"Мы рашэнне знайшлі — будзем рабіць люстэркі. Каб не падводзіць кліентаў, і яны маглі нармальна працаваць. Ува што гэта нам выльецца, я не ведаю", — кажа дырэктар дызайн-студыі Pitri Святлана Маркоўская.