Сенат Польшчы аднагалосна прызнаў улады Расіі тэрарыстычным рэжымам
Пасяджэнне аб прызнанні ўладаў РФ тэрарыстычным рэжымам у Сенаце Польшчы
26 кастрычніка Сенат Польшчы аднагалосна (85 галасамі) прыняў рэзалюцыю аб прызнанні ўлады Расіі тэрарыстычным рэжымам. У дакуменце сенатары рашуча асуджаюць расійскую агрэсію і заклікаюць усе краіны, якія выступаюць за мір, дэмакратыю і правы чалавека, зрабіць тое ж самае: прызнаць расійскія ўлады тэрарыстычнымі.
У рэзалюцыі сенатары адзначаюць, што расійскія акупанты тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, скідаючы бомбы на грамадзянскія аб'екты. "Бандыты ў расійскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Яны выкрадаюць ўкраінскіх дзяцей. Яны дэпартуюць, перасяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую перыферыю Расіі", — гаворыцца ў дакуменце. Усё гэта ацэньваецца як акты дзяржаўнага тэрарызму.
Сэнатары падкрэсьліваюць, што гераічная абарона незалежнасці грамадзянамі Украіны выклікала захапленне усяго вольнага свету. Украіна сёння з'яўляецца самым важным месцам, дзе абараняецца дэмакратыя і свабода.
Тым часам Уладзімір Пуцін і яго апарат, па ацэнцы польскага Сената, вярнуліся да жорсткіх практык сталінскага і нацысцкага рэжымаў. "Вось чаму Расію трэба перамагчы і пазбавіць магчымасці падвяргаць небяспецы сваіх суседзяў", — заклікалі сенатары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.