Сенатар Берні Сандэрс выйшаў з прэзідэнцкай гонкі ў ЗША
78-гадовы сенатар ад штата Вермонт Бэрні Сандэрс абвясціў, што спыняе сваю прэзідэнцкую кампанію, перадае Бі-Бі-Сі.
У відэазвароце да прыхільнікаў ён патлумачыў прычыну свайго рашэння: "Шлях да перамогі немагчымы. Я прыйшоў да высновы, што гэтая барацьба за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі не будзе паспяховай. І таму сёння я абвяшчаю пра яе прыпыненне".
Лідэрам гонкі за вылучэнне ад Дэмакратычнай партыі застаецца былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Сандэрс заявіў, што будзе супрацоўнічаць з ім "у прасоўванні іх прагрэсіўных ідэй".
Ён паабяцаў працаваць у камандзе Байдэна, каб разам з ім перамагчы Дональда Трампа, якога назваў самым небяспечным прэзідэнтам у сучаснай амерыканскай гісторыі.
Па стане на 7 красавіка Байдэн атрымаў падтрымку 1217 дэлегатаў калегіі выбаршчыкаў ЗША, Сандэрс мае 914 дэлегатаў, яшчэ 171 дэлегат падтрымліваў іншых кандыдатаў на выбарах. Для перамогі ў намінацыі кандыдат павінен мець падтрымку 1991 дэлегата.
Сандэрс мае рэпутацыю сацыяліста. Яго праціўнікі часта прыгадваюць, што ў юнацтве ён уступіў у моладзевае падраздзяленне Сацыялістычнай партыі Амерыкі, а напрыканцы 1980-х правёў свой мядовы месяц у Савецкім Саюзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.