Серебряная Свадьба збіраецца на “Sziget”, а Open Space – на “Басовішча”

Як вядома, гурт “Ляпіс Трубяцкой” сёлета выступіць на знакамітым фэсце “Sziget” і праедзецца па шэрагу еўрапейскіх фестывальных пляцовак. Еўрарадыё распытала іншых беларускіх музыкаў пра іх фестывальныя планы.

Высветлілася, што большасць нашых музыкаў збіраюцца пакараць найперш расійскую сцэну. Сярод фэстаў, на якіх можна будзе паназіраць за беларускімі альтэрнатыўнымі гуртамі – піцерскі “Стэрэалета”: там знакамітых Morcheeba разагрэе наша CerryVata.

На велізарным трансавым опэн-эйры ў Трышава пад Масквой сыграюць Botanic Project, CerryVata, Кассиопея і СолнцеЦветы. На фэсце “Кубана-2010”, што пад Краснадарам, выступяць Botanic Projekt i The Toobes.

Траекторыя гастроляў фрык-кабарэ “Серебряная Свадьба” сёлета ахопіць не толькі Расію, але і Захад: гурт выступіць на “Пустых холмах”, сыграе на фэсце ў Мурманску, праедзецца па польскіх тэатральна-музычных гарадскіх фестывалях, разам з гуртом Gurzuf адправіцца на фэст у Румынію, які ладзяць арганізатары “Сігету”… І, магчыма, паспрабуе пакарыць сам “Sziget”, распавёў Еўрарадыё дырэктар гурта Папа Бо.

Папа Бо: “Ёсць такая верагоднасць, што гурт “Серебряная Свадьба” паедзе на “Sziget”, аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтага пакуль няма. То бок згадкі пра гэта ёсць у блогах, на Last.fm”…

Адзін з найчасцей гастралюючых за мяжой гуртоў – “Троіца” ― у мэтах абароны ад сурокаў звычайна не анансуе свае будучыя канцэрты. Але, пахваліцца, па словах бубнача каманды Юрыя Паўлоўскага, гэтым летам асабліва няма чым: сыграе этна-трыа  ў асноўным на лакальных невялікіх польскіх фэстах.

Юры Паўлоўскі: “Можа сапраўды так крызіс ударыў па ўсім? Не ведаю. Цяжка сказаць. У нас нават канцэрт у Магілёве адмяніўся – не прадалі квіткі”.

Зміцер Вайцюшкевіч, другі пасля “Троіцы” фестывальны герой Беларусі, таксама гэтым летам ехаць далей Кракава і Беластоку не збіраецца. Ды і адсутнасць “Сігету” у фестывальным лісце Змітра і WZ-orkiestra не напружвае музыку.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Я ўсім сваім канцэртам рады. У гэтым сэнсе патрэбны спакой. Прынамсі, трэба жыць надзеяй, што будзе лепей”.

Гурт “Крама” на чале з Ігарам Варашкевічам летам плануе збольшага адпачываць, але ад запрашэння на “Басовішча” не адмовіцца.

Ігар Варашкевіч: “Ну, на Be Free нас ніколі ніхто не запрашаў. А на “Басовішча” – не ведаю. Спадзяюся, што паедзем”.

Крыху лепшая фестывальная сітуацыя ў “маладых ды перспектыўных”. Так, гурт Open Space плануе пакарыць які мінімум дзве замежныя летнія пляцоўкі.

Віталь Маціеўскі: “Самай значнай падзеяй, вядома, будзе наш выступ на Be2gether у Літве. Потым у нас чакаецца выступ у Польшчы на фэсце “Басовішча”: як ні дзіўна, нягледзячы на тое, што мы англамоўны гурт, завуць нас з задавальненнем. Гэта прыемна”.

Дарэчы, колішні пераможца “Басовішча” гурт Spita/\ь F адправіцца гэтым летам на адзін з самых вядомых польскіх фестываляў Seven Festival (былы Union of Rock). Хэдлайнерам там выступіць знакамітая Sepultura.

Некаторыя ж беларускамоўныя маладыя гурты, напрыклад, HandmadE, ўвогуле не парацца наконт фестывальных паездак. Ёсць у іх і іншыя прыярытэты.

Яўген Валошын: “Мы ўвогуле не займаліся пытаннем фестываляў, нікуды не былі запрошаныя. Я лічу, што мая задача – укласці грошы і запісаць песні ў добрай якасці. А фестываль – справа разавая. Усё адно цябе на гэтым фестывалі не так шмат людзей пачуе… Вядома, класна паехаць куды-небудзь, пабалдзець”.

Відавочна, што сёлета руліць маладая альтэрнатыўная беларуская музыка. Гуртам жа са стажам можна адпачываць на лаўрах і не стамляцца ад доўгіх пераездаў. І справа тут не ў іх кваліфікацыі, а ў модзе. Яна на месцы не стаіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі