Шанталосаў: «Следчы спрабаваў узяць у мяне ўзор голасу, але я адмовіўся»

«Еўрапейскае радыё для Беларусі» лёгка адшукала Валерыя Шанталосава, якому выстаўленае абвінавачанне ў спробе подкупу футбалістаў нацыянальнай зборнай у 2003 годзе. Валеры Шанталосаў адказаў на нашыя нязручныя пытанні, расказаў, што насамрэч сустракаўся з варатаром зборнай Генадзем Туміловічам, быў у месцы размяшчэння зборнай напярэдадні матча з Чэхіяй, але абвяргае ўсе абвінавачанні і кажа, што проста абмяркоўваў з хлопцамі футбол.

— Чаму вы так упэўнены, што касету з аўдыёзапісам размовы наконт продажу матчаў зборнай «Прессболу» перадаў варатар зборнай Генадзь Туміловіч? Была сустрэча між вамі ці не?


— Я ведаю, пра што ідзе размова на той касеце. Так, я размаўляў з Генам Туміловічам, але гэта не былі перамовы пра подкуп нацыянальнай зборнай. Пасля гэтых двух матчаў (з чэхамі і малдаванамі) мне ў Казахстан было тэлефанаванне ад Туміловіча. І ён мне кажа, што нехта нібыта да яго прыехаў ад мяне і спрабуе весці перамовы наконт продажу матча. Я, кажу, да цябе ніякіх журналістаў не падсылаў. Ён прапанаваў сустрэцца, каб разабрацца. Калі я быў у адпачынку, мы сустрэліся ў Мінску. Размовы пра подкуп не было. Ён абмяркоўваў свае версіі, а я аргументаваў свае. Вось і ўсё.


— То бок, я правільна разумею, з Туміловічам спрабаваў весці перамовы наконт продажу матчаў зборнай невядомы чалавек нібыта ад вашага імя. Вы сустракаліся з Туміловічам, каб абмеркаваць, хто б гэта мог быць?


— Не зусім так. Ён расказваў мне гэтую гісторыю. Сказаў, што пра мяне ходзяць розныя чуткі… Я яму кажу: я гэтым не займаюся. Я заснавальнік зборнай Беларусі — аддаў ёй 10 гадоў. Можаш уявіць, каб такі чалавек зрабіў такое са зборнай? Я паклаў сваё здароўе за гэтую зборную. Потым мы пра футбол пагаварылі, пра мінскае “Дынама”.


— І гэтая вашая размова запісаная на стужцы?


— Канечне. І ўсплыла яна чамусьці толькі праз паўтара года пасля нашай сустрэчы.


— Тады ў вас не павінна быць праблемаў. Калі верыць вашым жа словам, на сустрэчы з Туміловічам вы толькі і робіце, што адхрышчваецеся ад абвінавачанняў…


— Так, канечне, Туміловіч задае там пытанні, а я кажу — не. Там няма такіх словаў: маўляў, на табе, Гена, грошы, а ты мне — матч.


— Называецца сума ў 40 тысяч долараў?


— Не. Я не ведаю, адкуль узялася гэтая лічба.


— Скажыце, вы прыязджалі ў размяшчэнне нацыянальнай зборнай напярэдадні мачта са зборнай Чэхіі?


— Я сапраўды ў Стайкі напярэдадні матча с чэхамі. А яны лічаць, што я 10 гадоў аддаў зборнай і не магу прыехаць? Я магу прыехаць у зборную! Я хлопцаў даўно не бачыў. Пагатоў, два дні ў Мінску быў. І ўвогуле, я прыехаў да лекара, у мяне была траўма локця, калі я гуляў за кустанайскі «Табол». Доктар мне дапамог. Чаму цяпер праваахоўныя органы раздзімаюць, нібы я прыязджаў у зборную, каб весці перамовы наконт продажу матча. Дзе доказы? Я сустрэўся з дзевяцю гульцамі, і ўсе яны напісалі, што ніякіх грошай ім не прапаноўваў.


— Можаце нам іх паказаць?


— Магу выслаць распіскі хлопцаў факсам праз пару дзён.


— А ў Малдове напярэдадні матча вы таксама былі ў месцы размяшчэння зборнай?


— Глупства! Гэта можа пацвердзіць кустанайскі «Табол». Я быў на зборах.


— Калі вы прыязджалі ў Стайкі, вы сустракаліся з Генадзем Туміловічам?


— Усе сядзелі ў пакоі: Гурэнка, Кульчый, Туміловіч — гулялі ў карты. Я зайшоў: хлопцы, кажу прывітанне. Пагаварылі, выйшлі на гаўбец, пакурылі. І ўсё!.. я пажадаў ім удачы і жартам так кажу: глядзіце, хлопцы, накідаюць вам зараз чэхі. Ну, трымайцеся там! Вы ж разумееце — таму што чэхі ёсць чэхі. Але гэта ж усё футбольныя размовы…


А ўжо пасля гэтых прайграных матчаў Туміловіч пачаў бегаць па федэрацыі і крычаць: “Я ведаю, з якой мэтай прыязджаў Шанталосаў. Зборная прайграла, таму што я размаўляў з кожным з гульцоў”! Абсурд.


— На тэлеканале ТВЦ прадэманстравалі аўдыёзапіс двух чалавек, якія абмяркоўваюць, як заплацілі пасярэдніку з Кустаная 40 тысяч долараў пасля гульні з чэхамі. І абмяркоўваюць планы на наступную гульню. Вам не здаецца, што мала футбалістаў, звязаных са зборнай Беларусі, гулялі ў футбол у Кустанаі?


— Іх абмеркаванне не варта нават абмяркоўваць. Гэтыя касеты падкінутыя. І як яны запісаныя — ты ж ведаеш, як лёгка сёння можна падладжваць галасы. Я табе скажу, што два гады следчы спрабаваў узяць у мяне ўзор голаса, але я адмовіўся. Афіцыйна я ніякага голаса не даваў. І тое, што сёння кажа следчы, нібыта была экспертыза– блеф. Я ведаю, што голас Туміловіча для экспертызы бралі. Але, дарэчы, я не бачыў ніякай заявы Туміловіча супраць сябе.


— Скажыце, асабіста ў вас з Туміловічам як у варатара з варатаром не было варожых адносінаў?


— Былі! Гэта гісторыя даўняя. Магчыма, гэта помста яго нейкая. У 2000 годзе мы з Сацункевічам былі выкліканыя на зборы і рыхтаваліся да матча з швейцарцамі. Згулялі ў таварыскім унічыю 1:1, “Штутгарт” абыгралі 1:0. І я рыхтаваўся да гульні. Тут — оп! — прыязджае Туміловіч. Мы прайграем 0:1, і я пасля гульні, абражаны, кідаю сумку галоўнаму трэнеру і кажу: у гэтай зборнай гуляць не буду! У кулуарах я недзе выказваў крыўду на Туміловіча. Маўляў, ён па блаце патрапіў у зборную. Мы некалі з ім недзе ў Расіі сустракаліся, ён мне казаў: ты адкажаш за свае словы… Магчыма, чакаў выпадку.


— Не вы, але нехта іншы мог весці такія перамовы са зборнай?


— Не. Нашыя хлопцы на гэта ніколі б не пайшлі. У нас жа сёння футбалісты ў зборную баяцца прыязджаць. Мне следчы кажа: вось, Булыга адзін на адзін выходзіў і не забіў. Будзем разбірацца. Жах!


— Вам асабіста калі-небудзь прапаноўвалі прадаць матч, калі вы былі варатаром?


— Не, ніколі не было такога. Бывала, я памыляўся як гулец…


ДАСЬЕ ЕЎРАРАДЫЕ

Крымінальная справа па артыкуле 253 “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных мерапрыемстваў” распачата ў чэрвені 2005 года. Тычылася яна двух адборачных матчаў чэмпіяната Еўропы-2004 — Беларусь—Чэхія (6 верасня) і Малдова—Беларусь (10 верасня). Падставай для завядзення крымінальнай справы сталі матэрыялы, надрукаваныя спартовай газетай “Пресcбол”. Па словах галоўнага рэдактара газеты Уладзімір Беражкова, у 2003 годзе да яго патрапілі касеты з запісамі галасоў, з якіх вынікала, што матчы зборнай Беларусі былі “прададзеныя”.


У ліпені гэтата года следчыя назвалі імя галоўнага падазронага – былога галкіпера зборнай Валерыя Шанталосава. Быццам бы менавіта яго голас гучыць на тых аўдыёзапісах. 26 красавіка 2007 года Шанталосава аб’явілі ў вышук. Зараз ён уваходзіць у трэнерскі штаб навасібірскага ФК “Сібір”.



Фота — www.kp.belkp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі