Шаўцоў: Хутчэй за ўсё, Расіі будзе не да актыўнай палітыкі адносна Беларусі
Палітолаг пракаментаваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву і спрагназаваў далейшае развіццё беларуска-рассійскіх адносінаў.
Аляксандр Лукашэнка наведаў Маскву з двухдзённым візітам, дзе паўдзельнічаў у паседжанні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў-сябраў АДКБ, у нефармальным паседжанні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Еўрарадыё паразмаўляла з гэтай нагоды з палітолагам Юрыем Шаўцовым.
111220 Shaucou s.mp3
Юрый Шаўцоў: Лёсавызначальным візіт не з’яўляецца. Калі казаць пра лёсавызначальнасць, то лёсавызначальныя рашэнні былі прынятыя 25 лістапада, калі былі заключаны пакетныя дамовы паміж Беларуссю і Расіяй па ўсім комплексе пытанняў, якія цікавыя для Беларусі. Зараз ідзе проста рэалізацыя гэтых дамоўленасцяў. Там ёсць шмат падводных камянёў, якія трэба абыйсці, і нейкія рэчы вырашаюцца, якія тычацца праблемаў бяспекі.
Еўрарадыё: А наколькі вялікая верагоднасць таго, што падчас гэтага візіту працягнецца ціск Расіі на афіцыйны Мінск з мэтай дабіцца нейкіх чарговых саступак, напрыклад, у справе прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў?
Юрый Шаўцоў: Я не ўпэўнены, што зараз гэта надта актуальна. Бо Расія зараз уступіла ў перадвыбарчую барацьбу, якая, як высвятляецца, не будзе простай. З другога боку, тое, што адбылося на днях у Казахстане (масавыя беспарадкі, якія нядаўна адбыліся ў некалькіх гарадах на захадзе гэтай краіны, падчас якіх былі ахвяры — Еўрарадыё), у галіне бяспекі трох краінаў — Беларусь-Расія-Казахстан — выглядае вельмі трывожна. І хутчэй за ўсё Расія сёння будзе больш уважліва глядзець на поўдзень, на свае ўнутраныя праблемы, і ёй будзе не да актыўнай палітыкі адносна Беларусі.
Еўрарадыё: А што гэта азначае для нашай краіны? Як мы можам выкарыстаць такую сітуацыю?
Юрый Шаўцоў: Нам важна, каб тыя дамоўленасці, якія былі падпісаны 25 лістапада, былі зараз рэалізаваныя. Бо яны даюць такія магчымасці ў фінансавай сферы, у эканоміцы, якія ніхто не мог бы даць Беларусі, напрыклад, на Захадзе... На працягу бліжэйшага года мы можам атрымаць да 7 млрд долараў, у той ці іншай форме, выгодаў для Беларусі з гэтых пагадненняў. А гэта вырашае практычна ўсе эканамічныя праблемы, якія так былі важныя ўвесь мінулы год.
Еўрарадыё: То бок, у бліжэйшы час, на вашу думку, ніякіх актыўных дзеянняў на лініі Мінск-Масква чакаць не варта, таму што Расія будзе занятая сваімі выбарамі і па-другое — будзе занятая іншымі краінамі?
Юрый Шаўцоў: Так, калі толькі не адбудзецца нейкага крызісу. Крызіс можа быць. У любы момант вайна вакол Ірану — гэта галоўнае, што пагражае сёння, можна сказаць, бяспецы ўсяго свету. Потым можа быць крызіс вакол Паўночнай Карэі і можа быць нешта не зусім зразумелае ў Цэнтральнай Азіі.
Фота — ru.euronews.net