Што пісала афіцыйная беларуская прэса пра пераемніка Пуціна

Вылучэнне Дзмітрыя Мядзведзева кандытатам у прэзідэнты Расіі не пакінула абыякавымі беларускія афіцыйныя газеты.
Прызначэнне пераеміка ўзрушыла нашу прэсу і стала для журналістаў нагодай паіранізаваць над суседзямі.
Памятаем, як пачалі абурацца беларускія СМІ, калі пару месяцаў таму Уладзімір Пуцін на з’ездзе “адзінаросаў” пагадзіўся ўзначаліць перадвыбарчы спіс партыі, ды яшчэ сам запрасіў сябе ў прэм’еры.

Тады з гэтай нагоды іранічна выказвалася “Советская Белоруссия” — пісала пра ткачыху з Іванаўскай вобласці, якая з трыбуны папрасіла Пуціна застацца на трэці тэрмін. Пры гэтым пра сваіх “ткачых” журналіст “СБ” не ўзгадвае:

СБ: “Больш за ўсё мяне ў гэтым павольным і ўрачыстым, як у японскім тэатры ценяў, дзействе, уразіла ткачыха 5-га разрада... На 8-м з’ездзе партыі гэтая дэлегатка абвясціла новую эру ў расійскай палітыцы... Дзесьці мы гэта ўжо чулі?”.

З энтузіязмам узялася беларуская афіцыйная прэса і за прызначэнне пераемніка Пуціна. “І ўсё ж такі “Медвед”, - абвяшчае загаловак “7 дней”. “Не ўгадалі з трох разоў”, — высмейвае расійскіх аналітыкаў “Советская Белоруссия”, фамільярна звяртаючыся да тых “хлопцы”, а затым наогул параўноўваючы з аленеводамі:

“Да слёз шкада расійскую “экспертную суполку”. Спадары Паўлоўскі, Ніканаў, Маркаў, Пушкоў і іншыя зоркі аналіза ў чарговы раз трапілі пальцам у неба і даведаліся пра галоўную палітычную навіну адначасова з аленеводамі з чукоцкай глушы!

Вось і вер гэтым блізкім да Крамля “крыніцам”. Хлопцы, як заўсёды, заблукалі ў трох соснах, хаця, думаю, шчокі надуваць не перастануць”.

Іранізавалі наконт вылучэння Мядзведзева і ў расійскай інтэрнэт-прасторы:

“Незалежныя назіральнікі з Туркменіі, Беларусі і Казахстана ўжо заявілі, што выбары прэзідэнта Раійскай Федэрацыі былі свабодным і адкрытым волевыяўленнем Крамля” .

Некаторыя блогеры пачалі віншаваць адзін аднаго з “тым, што выбары прэзідэнта Расіі адбыліся”, з’явіліся малюнкі-варыацыі на тэму вядомага ўсім “преведа” і Дзмітрыя Мядзведзева ў ролі “медведа”, а таксама жарты кшталту – “цяпер трэба казаць не “Превед Медвед”, а “Здравствуйте, Медведев”, — зрабіла агляд рунета “Хартыя-97”.

І калі смех над сабой часта можа сказаць пра наяўнасць пачуцця гумару, здаровай іроніі і г.д., то смех над іншымі выглядае як здзек і спроба прынізіць. Так, “Советская Белоруссия” параўноўвае Дзмітрыя Мядзведзева з Петрасянам і піша, што калі б Пуцін прапанаваў у пераемнікі вядомага гумарыста – эфект быў бы такім самым:

“Такім чынам, усе стаяць з адкрытым ротам, ніхто не адгадаў, хаця вельмі ўсцешаныя і запэўніваюць тэлегледачоў, што “Пуцін зрабіў геніяльны выбар”.

Думаю, што калі б Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў у пераемнікі Петрасяна, то Глеб Паўлоўскі ў поўным экстазе ўскрыкнуў, што гэта таксама геніяльнае рашэнне. Пры гэтым пра выбары, уласна, ніхто не кажа”.

Незалежныя СМІ збольшага спрабавалі прагназаваць, як зменяцца адносіны Мінска з Масквой у выпадку, калі Мядзведзеў усё ж стане прэзідэнтам.

Вядомы журналіст пуцінскага пула Андрэй Калеснікаў лічыць, што зменаў ніякіх не будзе. Калеснікаў выказаў меркаванне, што адносіны Лукашэнкі з Пуціным пачыналіся даволі бязхмарна, таму што напачатку яны амаль што нічога не ведалі адзін пра аднаго. Цяпер жа, натуральна, Пуцін перадасць свае веды Мядзведзеву.

“Асабістыя стасункі прэзідэнтаў, а адпаведна і адносіны паміж дзяржавамі знаходзяцца, калі называць рэчы сваімі імёнамі, у поўным тупіку”, - сказаў Андрэй Калеснікаў у інтэрв’ю Еўрарадыё.

Поўную версію інтэрв’ю вы можаце пачытаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі