Што рабіць з адмененай "залатой акцыяй" ніхто не ведае

“Залатая акцыя” была адменена яшчэ месяц таму, але ці спыніла яна сваё дзеянне ніхто дагэтуль не ведае. Пакуль міністэрствы раяцца паміж сабой і з юрыстамі, прадпрыемствы вырашаюць самі, ёсць у іх “залатая акцыя” альбо не.
Нагадаем, што на момант адмены інстытута “залатой акцыі” (4 сакавіка), яна працягвала дзейнічаць на дзесяці беларускіх прадпрыемствах. Мінуў месяц, але сітуацыя заблыталася яшчэ больш.

“Ва ўказе так наўпрост не напісана. І кожны гэтую сітуацыю дадумвае сам”, - сказаў Еўрарадыё начальнік упраўлення арганізацыі ўладальніцкага нагляду Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Уладзімір Кухараў. Па яго словах, адзінага меркавання на гэты конт няма. Але сам ён лічыць, што “акцыя” больш не дзейнічае:

“Я так разумею, што калі права “залатой акцыі” няма, то і самой “залатой акцыі” быць не павінна. Правільна? Гэта маё асабістае меркаванне. Мы тут з юрыстамі раімся... Але хутчэй за ўсё, так”.

Па больш дакладны каментар Уладзімір Кухараў параіў Еўрарадыё звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі. Але там нам сказалі, што гэтае пытанне не ў іх кампетэнцыі, і накіравалі ў Міністэрства эканомікі. Намеснік міністра эканомікі Алег Мельнікаў сваё меркаванне мае, але выказваць яго адмовіўся, каб раптам не разысціся ў версіях з Дзяржкамітэтам па маёмасці:

“У прынцыпе ёсць думкі, але мне найперш трэба іх узгадніць з імі... Каб было адзінае меркаванне двух міністэрстваў”.

Пакуль міністэрствы раяцца паміж сабой і прыходзяць да агульнага меркавання, прадпрыемствы вырашаюць самі, быць “залатой акцыі” альбо не. Старшыня акцыянернага таварыства “ВалМет” Тамара Мазэс кажа, што “акцыю” ніхто не адмяняў. На Ваўкавыскім металургічным заводзе яна дзейнічае і сёння:

“А пра адмену вы чыталі? Асабіста? Указ прэзідэнта аб адмене? Быў спецыяльны указ прэзідэнта аб увядзенні залатой акцыі на ААТ “ВалМет”, і калі будзе такі ўказ прэзідэнта аб спыненні дзеяння “залатой акцыі” на ААТ “ВалМет”, тады і будзем размаўляць...

Так, я чытала ў эканамічнай газеце, што, магчыма, дзеянне “залатых акцый” спыняць, але на тых прадпрыемствах, на якіх яны былі ўведзеныя, іх дзеянне застаецца ранейшым”

У акцыянерным таварыстве “Абутакгандаль”, наадварот упэўненыя, што ў іх залатой акцыі больш няма. Чакаць іншага закона, як тое робяць на Ваўкавыскім металургічным заводзе, яны не будуць:

“Залатая акцыя” адменена. Згодна з указам прэзідэнта. Які яшчэ іншы дакумент павінен прыйсці? Іншага дакумента ніякага не будзе, дзейнічае толькі адзін закон, самы высокі – ўказ прэзідэнта”.

Супрацоўнікі аўтамабільнай транспартна-экспедыцыйнай кампаніі таксама лічаць, што “залатая акцыя” сваё дзеянне спыніла. Але і за час пакуль яна існавала, ніякіх зменаў яны не адчулі. Ды і ўводзілася “акцыя” на ўсялякі выпадак:

“Уласна кажучы, канкрэтна на нашым прадпрыемстве асаблівых зменаў мы не адчулі. Не тое, каб яна не выкарыстоўвалася, – проста нашы рашэнні не ішлі ў разрэз з рашэннямі дзяржавы. А ўводзілася яна для таго, што, калі б раптам штосьці пайшло не так, як трэба, тады б умяшалася дзяржава. Але ў нас, дзякуй Богу, усё было нармальна”

Цікава, што калі паглядзець на спіс устаноў, дзе была уведзена “залатая акцыя”, акрамя пералічаных, гэта будуць даволі дробныя прадпрыемствы, напрыклад, Упраўленне механізацыі 79”, “Сенненскі завод сухога абястлушчанага малака” і інш:

- Абутакгандаль
- Упраўленне механізацыі 79
- ВалМет
- Аўтамабільная транспартная экспедыцыйная кампанія
- Камволь
- Віцебсклес
- Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод
- Талачынскі масларобны сыраробны завод
- Бабруйскі рамонтна–механічны завод
- Сенненскі завод сухога абястлушчанага малака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі