Што свеціць хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету?

“Нягледзячы на “эксперыментальны” склад, на нявопытнасць, на тое, што некаторыя хай і не адкрыта, але жадаюць зборнай няўдачы, я пастаўлю на тое, што нашы хлопцы прарвуцца ў чвэрцьфінал”, — гаворыць хакейны аглядальнік goals.by Іван Грунтоў.

 

Склад зборнай насамрэч эксперыментальны. Абсалютная большасць з заяўленых 25 хакеістаў — маладыя гульцы беларускіх клубаў. Для паловы з іх спаборніцтвы ў Швецыі будуць першым чэмпіянатам свету. Не будзе Мезіна, Касціцыных, Грабоўскага, Калюжнага.

 

Чэмпіянат у Швецыі будзе праходзіць паводле новай схемы. Дзве групы па восем каманд, чатыры з якіх выйдуць у чвэрцьфінал. Беларусам трапілі Чэхія, Швецыя, Канада, Швейцарыя, Славенія, Нарвегія, Данія. Іван Грунтоў гаворыць, што выйсці ў наступны раўнд беларусы могуць, абыграўшы швейцарцаў. А яны нашым хлопцам па зубах.

 

“Калі каманды ўзроўню Даніі, Нарвегіі, Славеніі можна супаставіць з намі па ўзроўні і іх мы можам абыгрываць, то вось са швейцарцамі заўсёды былі напружаныя гульні. Але я лічу, што сёлета Швейцарыю мы можам абыграць”.

 

На думку эксперта, дапамагчы беларусам можа акурат нявопытнасць. Маладыя хакеісты матываваныя не толькі патрыятызмам, але і жаданнем паказаць сябе ў выгадным святле. Не бракуе матывацыі і новаму трэнеру зборнай Андрэю Скабелку — колькасць зласлівых каментароў аб лёсе зборнай пад яго кіраўніцтвам зашкальвае.

 

Анатоль Варывончык, які кіраваў зборнай падчас Алімпіяды ў Нагана (дзейны трэнер Скабелка тады яшчэ выступаў за нацыянальную каманду), таксама верыць у каманду. Гаворыць, што сыграе ролю матывацыя гульцоў.

 

“Ведаю, што мы разлічвалі на Касціцыных, на Калюжнага, на некага яшчэ. Але іх не будзе. Калі каманда збіраецца ў больш моцным складзе, то адбываецца нейкае расслабленне. А ў тым складзе, які ёсць зараз, калі шмат гульцоў з беларускага чэмпіяната, я думаю, яны захочуць сябе праявіць… Не хачу загадваць, якое месца. Але, на мой погляд, зборная павінна выступіць на добрым узроўні”.

 

Варывончык кажа, што на матывацыю беларусаў не паўплывае нават тое, што нашай зборнай гарантаваны ўдзел у элітным дывізіёне ў наступным годзе: чэмпіянат запланаваны ў Мінску і беларусы там згуляюць на правах гаспадароў. Адзінай праблемай можа быць недахоп вопыту.

 

“Гэта можа паўплываць у першых гульнях. А потым павінна быць усё добра. Усё ж зборная згуляла дастатковую колькасць таварыскіх сустрэч”.

 

А вось сябры суполкі Еўрарадыё ў сацыяльных сетках у асноўным настроеныя песімістычна. Большасць тых, хто прагаласаваў у зладжаным там апытанні, мяркуе, што наша зборная будзе дзесьці ў хвасце рэйтынга чэмпіяната. Сёлета ў ім удзельнічае 16 каманд. Больш за тое, былы трэнер мінскага “Юнацтва” Міхаіл Захараў на просьбу спрагназаваць выступленне зборнай папрасіў патэлефанаваць на наступным тыдні. Маўляў, нават не ведае, хто выкліканы ў зборную на чэмпіянат свету, і пакуль не бачыў ніводнай гульні ў новым складзе.

 

Паглядзець на гульню беларускай зборнай можна будзе, пачынаючы з пятніцы 3 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі