Што за каманда “Александрыя”, з якой згуляе БАТЭ?
Сапернікам БАТЭ ў плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы будзе ўкраінская каманда “Александрыя”. З ёй барысаўчане згуляюць за выхад у групавы раўнд еўракубка 17 і 24 жніўня, першы паядынак — на “Барысаў-Арэне”. Безумоўна, БАТЭ пашанцавала. Але ці будзе “Александрыя” лёгкім сапернікам?
Каманда “Александрыя” існуе з 1990 года, але пад цяперашняй назвай тры гады. Яна базуецца ў аднайменным горадзе ў Кіраваградскай вобласці Украіны. Яго насельніцтва налічвае, па розных звестках, 80-90 тысяч чалавек.
Ва ўкраінскай прэм’ер-лізе “Александрыя” пасля выхаду з першай лігі гуляе трэці год запар (з перапынкамі яна выступала ў мацнейшай лізе і раней), займала 5-6 месцы, сёлета пакуль знаходзіцца сярод аўтсайдэраў. Каманда даходзіла да паўфінала Кубка Украіны. У ёй, дарэчы, няма легіянераў. Год таму каманда прабілася ў трэці раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы, дзе яе перайграў “Хайдук” з Спліта з агульным лікам 6:1. Сёлета “Александрыя” зноў прабілася ў трэці раўнд, сенсацыйна там перайграўшы румынскую “Астру” — 0:0 (у гасцях) і 1:0 (на сваім полі, гол быў забіты з пенальці). Гэта была першая перамога “Александрыі” ў еўракубках. Яе сведкамі сталі 7 тысяч заўзятараў. Наперадзе — плэй-оф.
Галоўны трэнер “Александрыі” Уладзімір Шаран сказаў, што задаволены вынікамі лёсавання. “Задаволены тым, што будзем гуляць з камандай са славянскіх народаў. Каманду БАТЭ я добра ведаю… У нас добрыя шанцы прайсці ў наступны этап Лігі Еўропы”, — цытуе словы спецыяліста сайт segodnya.ua. Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч сказаў, што ўсе ўкраінскія клубы “моцныя характарам, байцоўскімі якасцямі”. Ён адзначыў надзейную абарону “Александрыі” і назваў яе “моцным апанентам”.