Сірыйскія паўстанцы кантралююць большую частку Алепа
Алепа
Сірыйскія паўстанцы ўзялі пад кантроль большую частку горада Алепа, піша ВВС са спасылкай на маніторынгавую групу "Сірыйская абсерваторыя правоў чалавека". Алепа — другі па велічыні горад краіны.
Жыхар Алепа Сармад распавёў агенцтву AFP, што ён чуе "гукі ракет і артылерыйскіх абстрэлаў кругласутачна".
"Мы баімся, што пачнецца вайна і нас зноў выселяць з нашых дамоў", — сказаў 51-гадовы мужчына.
Гэта найбуйнейшае наступленне супраць сірыйскага ўрада за апошнія гады. Войскі Башара Асада выціснулі паўстанцаў з Алепа ў 2016 годзе. З тых часоў яны ўпершыню дасягнулі горада. Наступ паўстанцаў пачаўся ў сераду, з тых часоў загінула больш за 300 чалавек. З іх больш за 20 мірных жыхароў, сярод загінулых ёсць дзеці.
Сірыйскія вайскоўцы пацвердзілі, што паўстанцы ўвайшлі ў горад. У заяве гаворыцца, што войскі былі часова выведзеныя з Алепа "для падрыхтоўкі контрнаступлення". Прадстаўнік сірыйскага рэжыму паведаміў BBC, што пры вывадзе войскаў "ніякіх баявых дзеянняў" не было.
Аналітыкі кажуць, што адной з прычын такога хуткага прасоўвання з'яўляецца паслабленне хаўруснікаў Сірыі — Ірана і "Хезбалы" — Ізраільскімі нападамі ў рэгіёне.
Што было да гэтага
У 2011 годзе пасля падаўлення ўрадам Сірыі прадэмакратычных пратэстаў у грамадзянскай вайне загінула больш за паўмільёна чалавек. Шэраг узброеных груповак, якія выступаюць супраць урада Асада, скарысталіся беспарадкамі, каб захапіць участкі тэрыторыі. Пазней сірыйскі ўрад пры дапамозе Расіі і іншых саюзнікаў вярнула сабе большую частку згубленых тэрыторый.
Толькі горад Ідліб заставаўся апорай апазіцыі. Маштабныя баявыя дзеянні ў Ідлібе спыніліся ў 2020 годзе, калі Турцыя і Расія, ключавы саюзнік Сірыі, дамовіліся аб спыненні агню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.