СК Расіі назваў падазраваных у забруджванні нафты ў трубаправодзе "Дружба"
Следчы камітэт Расіі назваў імёны падазраваных у забруджванні нафты ў трубаправодзе "Дружба". Гэта шэсць чалавек, сярод іх — гендырэктар ТАА "Нафтаперавалка" Святлана Балабан, намеснік гендырэктара ТАА "Нафтаперавалка" Рустам Хуснутдзінаў, гендырэктар ТАА "Петранафта актыў" Уладзімір Жогалеў, намеснік дырэктара ТАА "Магістраль" Сяргей Баландзін.
Згодна з версіяй следства, са жніўня 2018-га па красавік 2019 года падазраваныя шматразова кралі нафту. Агульная сума скрадзенага склала не менш за 1 мільён расійскіх рублёў. Каб схаваць крадзяжы, у сакавіку-красавіку 2019 года яны паставілі няякасную сыравіну ў вузел зліву нафты каля вёскі Нікалаеўка Волжскага раёна. У нафту былі дададзеныя злучэнні з утрыманнем хлору.
Забруджаная нафта трапіла ў нафтасховішча ў вёсцы Лапаціна Волжскага раёна, а потым у магістральны трубаправод. У выніку былі прыведзеныя ў непрыдатны стан восем рэзервуараў парку "Лапаціна".
Следчы камітэт расследуе крымінальную справу за крадзеж, арганізацыю злачыннай супольнасці і прывядзенне ў непрыдатнасць нафтаправода, здзейсненае з карыслівых меркаванняў, групай асоб па папярэдняй змове, у дачыненні да магістральнага трубаправода.
Чатырох падазраваных узялі пад варту. Яшчэ двое падазраваных знаходзяцца ў вышуку.