Скарачэння тэрмінаў вайсковай службы не будзе?

Міністэрства абароны гатова падрыхтаваць салдата за адзін год, але разглядам новага законапраекта Палата прадстаўнікоў не займаецца.  Тэрміны службы ў беларускім войску скарачаюцца -  такая шчаслівая навіна скаланула беларускі Інтэрнэт на выходных. Калі ты звычайны салдат - будзеш служыць год, калі "гадзіла", то бок маеш вышэйшую адукацыю, - дзевяць месяцаў.  

Але, як даведалася Еўрарадыё, закона, які б скараціў  тэрмін службы ў войску, пакуль ніхто не прымаў. Больш за тое, ягоным разглядам Палата прадстаўнікоў займацца пакуль не збіраецца.

"Такая прапанова Міністэрствам абароны была вылучаная перад парламентам. Калі яна будзе разгледжана, гэта ўжо трэба задаваць пытанне заканадаўчым органам. Для таго, каб скараціць тэрмін службы, неабходна ўнесці змены ў Закон "Аб ваенным абавязку і вайсковай службе". Рашэнне прымае парламент. Але наша сістэма баявой падрыхтоўкі ўжо дазваляе рыхтаваць неабходнага спецыяліста за 12 месяцаў", - расказаў Еўрарадыё начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык.

Міністэрства абароны з дапамогай скарачэння тэрмінаў плануе зменшыць колькасць ухілістаў ад службы.  Але ў беларускіх ваенкаматах пра новыя тэрміны прызыву пакуль таксама нічога не ведаюць.

"Пакуль афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Пакуль тэрміны застаюцца ранейшымі. А чуткі гэтыя ходзяць яшчэ з 1996 года, калі я спрабаваў пайсці ў армію. Але калі яны хочуць у бліжэйшы час прыняць закон, то да лета вы можаце паспець трапіць на новыя тэрміны вайсковай службы", - паведаміў Дзяніс Іваненка, начальнік аддзялення прызыву Ваеннага камісарыята Маскоўскага раёна сталіцы.

Супраць зменаў у закон "Аб ваенным абавязку і вайсковай службе" выступае Міністэрства ўнутраных спраў. Маўляў, у выпадку скарачэння тэрмінаў службы прыйдзецца ў паўтары разы павялічваць колькасць унутраных войскаў. Улічваючы аўтарытэт міліцыі ў Беларусі, гэтая акалічнасць можа зацягнуць разгляд пытання.

Ды і законапраект наконт скарачэння тэрмінаў службы пакуль хутчэй за ўсё не падрыхтаваны. У сакратара камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Андрэя Броннікава мы спыталі: ці патрапіў да яго законапраект?

Андрэй Броннікаў: Не, я яшчэ такога не бачыў.
Еўрарадыё: Калі законапраект будзе падрыхтаваны, абавязкова праз вас пройдзе?
Андрэй Броннікаў: Калі гэта будуць унясенні зменаў у заканадаўства, то, безумоўна, пройдзе праз нашу камісію.

А калі нават у камісіі па нацыянальнай бяспецы не ведаюць пра магчымы законапраект, то ідэя аб скарачэнні службы ў войску пакуль застаецца міфам.   

Такім чынам, маладзёны, якіх прызываюць гэтай зімой, будуць служыць па-ранейшаму паўтара года. Тыя, хто з вышэйшай адукацыяй - год. Невядома, ці паспеюць падрыхтаваць законапраект і прыняць закон да наступнага летняга прызыву. У Міністэрстве абароны Еўрарадыё расказалі, што чатыры гады таму парламенту ўжо прапанавалі скараціць тэрміны службы ў войску. Але і тады ідэя міністра абароны не знайшла разумення ў дэпутатаў.

Еўрарадыё будзе сачыць за распрацоўкай законапраекту ў Палаце прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі