Скарочаныя чыноўнікі атрымлівалі дапамогу да 8 мільёнаў рублёў

134 тысячы рублёў — сярэдні памер выплаты дапамогі па безпрацоўі за красавік. Еўрарадыё заўважыла, што ў красавіку мінулага года дапамога па безпрацоўі была 154 тысячы.

У міжраённым аддзеле працаўладкавання “Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны” ўпэўненыя, што гэтая сума толькі расце. І тлумачаць, што залежыць ад базавай велічыні:

“Ад базавай велічыні, з красавіка яна вырасла да 150 тысяч рублёў. Калі чалавек да моманту свайго звальнення працаваў 12 месяцаў, тады дапамога ў памеры дзвюх базавых велічынь — гэта 300 тысяч. Калі доўга не працаваў — тады адна базавая велічыня. Плюс 10%, калі ёсць непаўналетнія дзеці”.

Але ж супраць статыстыкі Белстата не папрэш: сумы ў красавіку гэтага года і мінулага розняцца, няхай сабе і на 2 долары! Галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Фёдараўна тлумачыць, што, магчыма, усё праз масавае звальненне чыноўнікаў:

“Іншага тлумачэння няма, толькі тое, што ў мінулым годзе было масавае звальненне дзяржчыноўнікаў, і да 15 чэрвеня яны атрымлівалі дапамогу ў памеры двух сярэдніх заробкаў за два месяцы. Вось і прыкіньце, калі заробак ў іх быў 3,5 мільёны, 5-8 мільёнаў”, — успамінае спецыяліст пра масавую аптымізацыю дзяржапарата па прэзідэнцкім загадзе.

У красавіку чыноўнікі сапраўды імкнуліся паспець стаць на ўлік — да прыняцця змен у закон “Аб дзяржслужбе”. Тады скарочаны чыноўнік мог атрымаць кампенсацыю да шасці (!) сярэднямесячных заробкаў. Пасля прыняцця закона такую льготу скасавалі.

Таму ў мінулым годзе на дапамогу па беспрацоўі выпісвалі такія вялікія сумы. Сёння скарачэння чыноўнікаў няма, таму і сума дапамогі знізілася.

“Былі зусім іншыя сумы на выплату дапамогі, бо дзяржслужба была. Адзін чалавек мог атрымаць 8 мільёнаў. А цяпер дапамога ад 150 тысяч рублёў да 300!” — заўважаюць у Аддзеле па працаўладкаванні. Да таго ж атрымліваць гэтую дапамогу ў 15-30 долараў асабліва ніхто не імкнецца:

“Я і памяткі распрацавала, і наглядныя дапаможнікі, і ў банк адпраўляем, але дамоваў на заключэнне дапамогі мала. Людзі імкнуцца як мага хутчэй знайсці працу. Я вам кажу, пры жаданні працу можна за дзень-два знайсці. Хоць, безумоўна, ёсць і тыя, хто ідзе дзеля дапамогі”.

Паводле дадзеных Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, самымі запатрабаванымі прафесіямі былі кіроўцы аўтамабіляў і інжынеры (амаль па 600 вакансій), а таксама прыбіральшчыкі памяшканняў — каля 800 вакансій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі