Следчы камітэт: Гендырэктар "Уралкалія" — абвінавачаны, а не затрыманы
Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца пад вартай.
Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на начальніка ўпраўлення інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Паўла Травульку.
Тэрмін знаходжання пад вартай у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам можа доўжыцца да 2 месяцаў. Пасля гэтага следчы мае права працягнуць тэрмін.
Нагадаем, што ў сераду ўзнік казус: адвакаты Баўмгертнера не змаглі зразумець статус гендырэктара "Уралкалія". У маці і адвакатаў у СІЗА КДБ адмовіліся прыняць частку рэчаў, спаслаўшыся на тое, што яны не дазволеныя Баўмгертнеру ў сувязі з яго статусам — затрыманага на 72 гадзіны, а не арыштаванага на 2 месяцы.
Дарэчы, МЗС Беларусі звярнуў увагу расійскага амбасадара на недапушчальнасць некарэктных выказванняў пра сітуацыю з гендырэктарам "Уралкалія". У аўторак амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў журналістам, што арышт Баўмгертнера дыскрэдытуе беларускія ўлады.
Фота — polit.ru