Следчы камітэт ўзяўся за агенцтва сурагатнага мацярынства
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на дырэктарку агенцтва "Суркансалт" Аксану Калясень.
Як піша "Ежедневник", яе вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і правядзенні незаконных працэдур штучнага апладнення. Па звестках праваахоўнікаў, з ліпеня 2010 года Калясень працавала без ліцэнзіі. Прыбытак ад незаконнай дзейнасці за гэты час склаў больш за 280 мільёнаў рублёў. Жанчыне пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Агенцтва "Суркансалт" — першая кампанія ў Беларусі, якая спецыялізуецца на праграмах сурагатнага мацярынства для дапамогі генетычным бацькам. Яно пачало сваю дзейнасць яшчэ ў 2007 годзе, як толькі сурагатнае мацярынства было дазволена на тэрыторыі Беларусі. Сурагатным маці ў Беларусі плацяць каля 15 тысяч долараў за адно дзіця, плюс 500 долараў у месяц на ўтрыманне маці на час цяжарнасці. За год агенцтва складала некалькі дзясяткаў такіх дамоваў.
Скандал вакол "Суркансалта" можа закрануць не толькі Аксану Калясень, але і структуры Міністэрства аховы здароўя. Згодна з беларускім заканадаўствам, падбор сурагатных маці і суправаджэнне праграмы не патрабуюць ліцэнзавання. Прэтэнзіі праваахоўнікаў датычаць толькі аднаго аспекту дзейнасці агенцтва — штучнага апладнення сурагатных маці. Яны кажуць, што Калясень незаконна займалася менавіта гэтым відам дзейнасці, выкарыстоўваючы для юрыдычнага прыкрыцця кампаніі, у якіх з'яўлялася заснавальніцай — "Юргрупцэнтр" і "Вудполбел". Больш за тое, калі верыць звестках Следчага камітэта, яна была затрыманая аператыўнікамі пры чарговай спробе незаконнага апладнення, якая праводзілася на тэрыторыі Дзяржынскай цэнтральнай раённай больніцы.
У агенцтве "Суркансалт" кажуць, што цяпер Аксана Калясень знаходзіцца на волі (пасля кароткага затрымання яе адпусцілі), але хварэе. Супрацоўнікі агенцтва кажуць, што не лічаць абвінавачванні праваахоўнікаў абгрунтаванымі і што ніхто ў іх не займаўся незаконнымі паслугамі па ЭКА.
Фота — rebenok.by