СМІ: Надзеі Саўчанка выдалі дакументы для экстрадыцыі ва Украіну
Начальнік СІЗА ў Новачаркаску, дзе трымаюць Надзею Саўчанка, выдаў украінскай лётчыцы на запаўненне пакет дакументаў для экстрадыцыі ва Украіну. Пра гэта ў эфіры ўкраінскай "Тэлевізійнай службы навінаў" паведаміла сястра палоннай лётчыцы Вера Саўчанка.
Адвакат Марк Фейгін не выключае, што яго падабаронная сапраўды атрымала дакументы для экстрадыцыі, перадае Радыё "Свабода". Па яго словах, 7 красавіка Саўчанка падпісала заяву, што яна згодная адбываць пакаранне на тэрыторыі Украіны.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка раней заявіў пра сваю цвёрдую надзею, што Саўчанка на працягу бліжэйшых некалькіх тыдняў вернецца на радзіму. Неафіцыйная інфармацыя называла нават прыблізны тэрмін — да канца траўня.
Нагадаем, што палонную ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка ў Расіі асудзілі на 22 гады зняволення. Яе прызналі вінаватай у саўдзеле ў забойстве двух журналістаў ВГТРК пад Луганскам летам 2014 года.
Плануецца, што Саўчанка абмяняюць на двух расіян — Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава. 18 красавіка суд у Кіеве асудзіў іх да 14 гадоў пазбаўлення волі. Іх прызналі вінаватымі ў "вядзенні вайны супраць Украіны", а таксама ў "арганізацыі і выкананні тэракту".