SOS: У офісе Еўрарадыё адбыўся ператрус
У мінскім офісе Еўрарадыё у суботу невядомыя правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Намеснік галоўнага рэдактара Віталь Зыблюк атрымаў на рукі непадпісаную копію пратакола ператрусу і канфіскацыі.
У суботу нам у каментарах на сайце пакінулі каментар: "Ці гэта праўда, што ў вашым офісе адбываецца вобшук?". Калі Віталь даехаў да офіса, то сустрэў на лесвіцы людзей, якія выносілі тэхніку, а з дакументаў ён атрымаў копію пратакола, напісанага вельмі неразборліва. Панятым пры вобшуку быў інжынер ГГУ Адміністрацыі прэзідэнта.
Віталь Зыблюк: "Па офісе нібыта прайшоўся тарнада!"
Агулам было канфіскавана каля 50 адзінак тэхнікі. Віталь Зыблюк кажа, што ператрус прайшоў у адсутнасці прадстаўнікоў рэдакцыі, невядомыя скарысталіся ключом, які даў вахцёр.
Віталь Зыблюк: "На мае заўвагі сказалі, што наша прысутнасць тут была ў гэты час неабавязковая".
"Еўрапейскае радыё для Беларусі" — міжнародная радыёстанцыя, зарэгістраваная ў Варшаве, мае афіцыйную акрэдытацыю пры МЗС Беларусі. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, радыё працягвае працаваць у звыклым рэжыме. Слухайце наш эфір і сачыце за навінамі на сайце.