Спайс прадаюць у дзяржаўных крамах (Фота)
Канфіскаваную курыльную сумесь, што выклікае наркатычны эфект, можна знайсці на прылаўках крам-канфіскатаў.
“Спайс прадаваўся ў дзяржгандлі, у крамах канфіскату, — сцвярджае ўдзельнік грамадскага антынаркатычнага руху Алесь Урублеўскі. — Крамы, як вядома, належаць афіцыйным дзяржаўным структурам. Гэта ўсе бачылі. На жаль, мы самі не паспелі гэта сфатаграфаваць, але ўсе пра гэта ведаюць, спайс ляжаў і прадаваўся адкрыта”.
Пабачыць тыя самыя пакецікі са спайсам у краме канфіскату “Уручча-люкс” карэспандэнт Еўрарадыё не паспеў. Але на вэб-старонцы крамы konfiskat.by, якая належыць Упраўленню справамі прэзідэнта, як дарэчы і крама “Уручча-люкс”, нам прапанавалі набыць разнастайныя сумесі з лінейкі спайс.
Напрыклад, курыльную сумесь Smoke — аж 5 тысяч пакецікаў коштам па 58520 рублёў кожны. Цікава, што гэта ледзь не ўдвая танней, чым у гандляроў курыльнай сумесі. Таксама нам прапанавалі набыць псіхатропную сумесь Jah Rush — 10 тысяч пакецікаў коштам па 62600 рублёў кожны. Кажуць, у тую ж краму “Уручча-люкс” выстройваліся чэргі па спайс. Псіхатропныя курыльныя сумесі разабралі за дзень.
У самай краме нам пацвердзілі, што сумесь з лінейкі спайс Jah Rush у іх прадавалася.
“Уручча-люкс”: “Прадавалася, але даўно, хутка разабралі, а ці прывязуць яшчэ – не ведаем”.
Ва ўпраўленні па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама пра продажы спайсу у крамах дзяржканфіскату нічога не ведаюць, але кампетэнтны супрацоўнік патлумачыў, чаму гандляроў спайсам дагэтуль не могуць саджаць за краты.
Супрацоўнік упраўлення па наркакантролю: “Праблема ў тым, што спайс не ўнесены ў рэспубліканскі пералік псіхатропных рэчываў. Гандляра спайсам можна пакараць толькі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, выпісаць штраф у 350 тысяч беларускіх рублёў. Для іх гэта не праблема, бо, прывозячы спайс з Масквы, з тысячы долараў такі гандляр мае навар у 5500 долараў. Нам застаецца чакаць, пакуль спайс прызнаюць псіхатропным рэчывам”.
Ва ўпраўленні па наркакантролю нам пацвердзілі, што спайс з’яўляецца псіхатропным рэчывам, выклікае псіхалагічную і фізічную ломку, а па сваім уздзеянні ён падобны да нелегальных канопляў.
Чытайце таксама: