Спецназ на чале з міністрам Навумавым разагнаў акцыю прадпрымальнікаў


ОНЛАЙН + ФОТА! 15:07 Людзі пачалі разыходзіцца. Нікога з арганізатараў няма, таму пасля стыхійнага хаджэння каля Кастрычніцкай плошчы людзі сталі раз'язджацца.

14:58 Міліцыя жорстка абыходзіцца з прадстаўнікамі прэсы.

14:53 Людзей пачалі выціскаць з Кастрычніцкай плошчы. Мітынгоўцаў заціснулі паміж дзвюма калонамі спецназаўцаў.




14:48 Калона мітынгоўцаў вяртаецца на Кастрычніцкую плошчу. Яе суправаджаюць супрацоўнікі ДАІ.

14:36 Людзей заціснулі паміж вуліцай Валадарскага і праспектам Незалежнасці. Да іх пад'ехалі два аўтазакі.




14:33 У рацыях міліцыянтаў прагучаў загад: "Поўная зачыстка". Пачаліся масавыя затрыманні. Людзі хаваюцца ад спецназу ў Чырвоным касцёле. Мітынгоўцаў разбілі на дробныя групоўкі. Да адной з іх каля будынка МУС выйшаў Уладзімір Навумаў.

14:21 Спецназ пачаў акружаць мітынгоўцаў.



14:15 На плошчы Незалежнасці прысутнічае міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і кіраўнік групы спецназу Юры Падабед. Навумаў даў мітынгоўцам 10 хвілін, каб разысціся, пасля чаго супраць іх будзе ўжыта сіла. Ён заявіў, што супраць удзельнікаў акцыі будуць распачатыя крымінальныя справы.




14:14 Падыход да Дома ўраду ачэплены спецназам.





14:05 Людзей пры дапамозе аўтазакаў адціснулі на тратуар. Зараз калона мітынгоўцаў дасягнула гатэля Мінск. Пра затрыманні пакуль не паведамляецца.





13:45 Прадпрымальнікі, а таксама моладзевыя актывісты перакрылі праезную частку на праспекце Незалежнасці непадалёк ад ГУМа. Адбыліся сутычкі з міліцыянтамі.

13:45 Мітынгоўцы прынялі рашэнне прайсці па тратуары да Дома ўраду, а потым "культурна" разысціся.





13:25 Удзельнікі мітынгу заклікалі 28 студзеня, гэта канчатковы дзень выплаты падаткаў за студзень, нічога не выплачваць, а сабрацца каля будынку Мінгарвыканкама і правесці чарговую акцыю пратэсту.



13:11 Як паведамляе БелаПАН, на аператыўным пасяджэнні ў мэрыі начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі заявіў, што ў 21 сталічнага ІП прадпрымальніка могуць быць ліквідаваныя ліцэнзіі.

13:11 Мітынгоўцы пераходзяць да прыступкаў Палаца Рэспублікі. Па розных звестках у акцыі ўдзельнічае ад 700 да 1000 чалавек. Міліцыя папярэджвае пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.



12:50 Перасталі працаваць сайты "Нашай нівы", "Радыё Свабода", "Хартыя '97"

12:45 Распачаў мітынг намеснік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч, пасля выступіў старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч. Сяргей Скрабец заклікаў прысутных пайсці на ганак Палаца Рэспублікі.

12:42 На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пачынаецца мітынг прадпрымальнікаў. На дадзены момант на плошчы сабралося каля 200 чалавек. Паралельна акцыі пратэсту праходзяць у Бабруйску, Магілёве і Пінску.



12:38 У цэнтры Бабруйска, на плошчы Леніна, сабралося каля 200 прадпрымальнікаў. Яшчэ каля 70 чалавек выйшлі на галоўную плошчу Магілёва

12:21 Апазіцыйныя лідэры, якія прыйшлі падтрымаць прадпрымальнікаў, заяўляюць, што прысутнічаюць на акцыі як прыватныя асобы, а не прадстаўнікі палітычных партый.



12:15 Удзельнікаў акцыі становіцца больш. Сярод іх заўважаныя і прадстаўнікі спецслужбаў у цывільным. Пакуль лідэраў прадпрымальніцкага руху, якія дагэтуль засталіся на волі, няма, аднак прыехалі прадстаўнікі ІП з Салігорска.



12:00 На плошчы пачынаюць збірацца людзі, у асноўным гэта моладзь.



11:40 На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, дзе а 12-й гадзіне павінен распачацца мітынг прадпрымальнікаў, закрыты каток. За Палацам Рэспублікі стаяць 5 аўтазакаў. Вялікая колькасць аўтобусаў са спецназам знаходзіцца недалёка ад ГУМа і Мастацкага музея. На ўсю плошчу вяшчае дзяржаўнае радыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі