Справу Андрэя Жукаўца заклікаюць перадаць з Беластока ў Варшаву
З такім заклікам выступілі беларускія і польскія прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый.
Нагадаем, што беларускага палітуцекача беластоцкі суд асудзіў на 3 гады турмы. Паводле дакументаў з Беларусі яго абвінавацілі ў махлярстве пры атрыманні ў 1999 годзе крэдытаў на суму 700 тысяч долараў. Сам Жукавец сцвярджае, што стаў ахвярай палітычнага пераследу, бо дапамагаў у свой час "Маладому фронту".
Удзельнікі прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Варшаве 13 траўня, заяўляюць, што суд у Беластоку паддаўся ўплыву беларускага боку. Былы першы сакратар польскай амбасады ў Мінску Марэк Буцька мяркуе, што беларускія спецслужбы маюць глыбокія сувязі ў розных праваахоўных органах у Беластоку.
Анатоль Міхнавец з арганізацыі "Беларуская нацыянальная памяць" прадставіў некаторыя факты фальсіфікацыі справы Жукаўца, паведамляе radyjo.net. Так, пры перакладзе дакументаў яго справы з рускай на польскую мову было зроблена каля 600 памылак.
Дэпутатка польскага Сейма Малгажата Гасеўская паабяцала ўзняць справу Жукаўца на паседжанні польскіх парламентароў.