Справу “палкоўнік Барадач супраць Брэсцкай мытні” разгледзяць 30 сакавіка

І суддзя, і абвінавачаны заявілі намер перакваліфікаваць грамадзянcкую справу ў крымінальную. 
Паводле слоў палкоўніка запасу Ўладзіміра Барадача, суддзя Маскоўскага раённага суда Брэста Іна Ціўнова выказала намер “напісаць дакладную ў КДБ па факту абразы службовай асобы”, якой з'яўляецца мытніца Сакольскіх.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Уладзімір Барадач сказаў:

"Я напісаў заяву ў Генеральную пракуратуру аб тым, што яны патрабавалі ад мяне паўтары тысячы долараў хабару за тое, што прапусцяць мяне з грашыма далей у Нямеччыну. Я сам падыйшоў да Сакольскіх з дэкларацыяй, каб яна яе падпісала. А яна: “Хлопец, ты папаў!”. Маўляў, зялёную лінію пераступіў. Дык паблізу нікога не было з мытнікаў больш. А потым яны пачалі круціць, маўляў, спынілі мяне, цэлая каманда іх там была”.


Спадар Барадач патрабуе выемкі відэазапісу яго размовы з мытніцай Сакольскіх. Кажа, што па інтэрнэце атрымлівае шмат лістоў ад тых, з каго на Брэсцкай мытні спагналі “адкат”. 

Суддзя Ціўнова пацвердзіла Еўрарадыё намер заступіцца за гонар і годнасць Сакольскіх. На пытанне, як бы яна адрэагавала, каб у яе забралі “на роўным месцы” 7320 еўра, Ціўнова адказала, што ў яе маленькі заробак, і такія грошы яна цераз мяжу не возіць.

Разгляд справы на сёння не быў абвешчаны на дошцы аб’яваў. Нават сам палкоўнік Барадач мусіў даведвацца пра  яго ў канцылярыі. 

Па сутнасці справа Барадача будзе разглядацца 30 сакавіка ў 10.30.  


Уладзімір Барадач — палкоўнік запасу, былы камандзір брыгады спецназу ў Мар'інай Горцы (1988-1991). У пачатку 1990-х ён быў сябрам Беларускага згуртавання вайскоўцаў. 8 верасня 1992 года, у Дзень беларускай вайсковай славы, прыняў прысягу на вернасць Беларусі на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Быў паплечнікам генерала Юрыя Захаранкі, які знік у траўні 1999 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі