Стадыён "Дынама" супраць канцэрту #БНР101 з-за газону
Мінскі стадыён "Дынама" супраць канцэрту #БНР101 з-за газону. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу, які атрымала Радыё Свабода. Гендырэктар Васіль Аляксеенка спасылаецца на тое, што пасля зімы трэба аднаўляць газон, а гэта "займае да паўтара месяца". Якраз на гэты перыяд і прыпадае святкаванне Дня Волі.
У адказе таксама адзначаецца, што цяпер на стадыёне няма пакрыцця травянога газону і лёгкаатлетычных дарожак, таму праводзіцца працэдура закупкі пакрыцця. Стадыён "Дынама" будзе гатовы да правядзення мерапрыемстваў не раней за красавік, сцвярджае Аляксеенка.
Раней прычынай адмовы ў правядзенні канцэрту канцэрту #БНР101 называлася падрыхтоўка стадыёна "Дынама" да Еўрагульняў.
Грамадская кампанія #БНР101 падавала заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне 24 сакавіка на "Дынама" мітынгу і святочнага канцэрту ў студзені. Адзін з арганізатараў Павел Белавус тады размаўляў з кіраўніцтвам стадыёна “Дынама”, абмяркоўвалася нават тое, каб людзі падчас канцэрта маглі знаходзіцца не толькі на трыбунах, але і на полі. Гаворка ішла пра спецыяльнае пакрыццё, якое абароніць газон ды бегавыя дарожкі, і будзе каштаваць каля 8 тысяч долараў.
Таксама прадстаўнікі апазіцыйных структур вырашылі адсвяткаваць Дзень Волі 24 сакавіка на пляцоўцы каля Опернага тэатра. У Мінгарвыканкам была пададзена і такая заяўка.