Стала вядома,чаму вырашана не налічваць пеню за несвоечасовую аплату "камуналкі"
Стала вядома, чаму ў Беларусі вырашана тры месяцы неналічваць пеню за несвоечасовую аплату "камуналкі". Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка заявіў, што рашэнне прынятае для добрасумленных грамадзян.
Як вядома, беларусы абавязаныя плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі не пазней за 25-е чысло кожнага месяца. Аднак у лістападзе жыроўкі прыйшлі са спазненнем (у Мінску — 19-20-га) з-за праблем у сувязі з пераводам разлікаў у іншую праграму.
"Мы прынялі рашэнне аб неналічэнні пені для таго, каб чалавек, калі дзесьці не змог аплаціць па прычынах тэхнічных збояў у перыяд завяршэння работ па ўкараненні адзінай агульнарэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы па ўліку, разліку і налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі, каб яму не налічвалася пеня. Ён жа не вінаваты, што не змог заплаціць", — цытуе словы Паскробкі БелаПАН. Паводле яго слоў, ва ўрадзе вырашылі "падстрахаваць і не пакрыўдзіць чалавека".
Намеснік міністра адзначыў, што на сённяшні дзень створаныя ўсе ўмовы для аплаты згаданых паслуг праз інтэрнэт, банкі або пошту.
Як паведамляла Еўрарадыё, рашэнне адмяніць на тры месяцы пеню за несвоечасова або не ў поўным аб'ёме ўнесеную плату за жыллё, электраэнергію і жыллёва-камунальныя паслугі ўрад прыняў 22 лістапада. Адмена пені датычыцца плацельшчыкаў, якія пакрылі выдаткі: за верасень 2016 года — з 26 кастрычніка па 5 лістапада; за кастрычнік — з 26 лістапада па 5 снежня; за лістапад — з 26 снежня 2016-га па 5 студзеня 2017 года. Аднак гэта не распаўсюджваецца на пратэрмінаваную запазычанасць, якая ўтварылася на 1 кастрычніка, 6 лістапада і 6 снежня бягучага года, а таксама 6 студзеня 2017-га. Пераразлік пені за верасень ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай. Залішне пералічаныя спажыўцом жыллёва-камунальных паслуг з улікам зробленага пераразліку сумы пені залічваюцца ў кошт будучай платы.