Старшыня "Белнафтахіма": кошты на паліва будуць змяняцца плаўна

Старшыня "Белнафтахіма": кошты на паліва будуць змяняцца плаўна

"Белнафтахім" прытрымліваецца стратэгіі плаўнай змены коштаў паліва — як пры росце коштаў сыравіны, так і пры іх зніжэнні. Пра гэта старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў заявіў 15 лістапада падчас паездкі на нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" у Наваполацку. Там у яго адбылася сустрэча з калектывам прадпрыемства. 

На гэтай сустрэчы Рыбакоў распавёў пра вынікі працы канцэрна за 9 месяцаў 2018 года. Таксама, як паведамляе прэс-служба "Белнафтахіма", адбылося абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця галіны і прадпрыемства. 

Журналісты пацікавіліся ў Рыбакова, ці будуць змяняцца кошты на аўтамабільнае паліва ў сувязі з тым, што апошнімі днямі таннее нафта. На гэта чыноўнік адказаў без канкрэтыкі: маўляў, канцэрн прытрымліваецца стратэгіі плаўнай змены коштаў на паліва — як пры росце кошту сыравіны, так і пры яго зніжэнні. Кіраўнік "Белнафтахіма" дадаў, што цяперашняе павышэнне коштаў не кампенсавала росту кошту сыравіны — нават з улікам таго, што апошнімі днямі кошты нафты знізіліся. 

Рашэнне пра павелічэнне альбо зніжэнне цаны на маторнае паліва прымаецца пасля ўважлівага аналізу сітуацыі па некалькіх паказчыках: кошт нафты, курс беларускага рубля, дынаміка коштаў у суседніх краінах, падатковы складнік. 

Апошнія некалькі месяцаў "Белнафтахім" амаль кожны тыдзень павышае кошты на паліва на 1 капейку. Зазвычай такое павышэнне адбываецца па нядзелях. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі