Старшынём БСДП (Грамада) абраны Анатоль Сідарэвіч

Старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) абраны Анатоль Сідарэвіч. На сённяшнім з’ездзе ў Мінску за яго прагаласавала 35 дэлегатаў, а 33 — супраць.
У падтрымку Валерыя Фралова выказалася 11 чалавек, за яшчэ аднаго кандыдата, Віктара Крываля — сем дэлегатаў, паведамляе БелаПАН.

Выступаючы на з’ездзе, спадар Сідарэвіч заявіў, што будзе падвышаць узровень калектыўных метадаў кіравання партыяў. Ён лічыць, што ў партыі склалася крытычная сітуацыя: адсутнічае цэнтральны офіс, не праводзяцца перамовы аб супрацоўніцтве з саюзнымі грамадска-палітычнымі структурамі.

Анатоль Ляўковіч, які да сённяшняга дня ўзначальваў БСДП, лічыць рашэнне з’езда нелігітымным. Раней ён заяўляў, што лічыць Сідарэвіча знакавай фігурай, але не здольнай працаваць на пасадзе старшыні партыі. Сам Ляўковіч быў абраны кіраўніком Грамады на пазачарговым з’ездзе ў 2008 годзе. Ён змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Казуліна, які на той момант быў у турме.