Старшынёй "Маладога фронту" абраны Зміцер Федарук

Старшынёй заснаванага сёння грамадскага аб'яднання "Малады фронт" абраны Зміцер Федарук. Такое рашэнне прыняла сёння ўстаноўчая канферэнцыя новага грамадскага аб'яднання, якая прайшла ў офісе Партыі БНФ у Мінску.
Намеснікам старшыні арганізацыі абраны Алег Корбан. Таксама на сходзе былі абраны восем членаў управы "Маладога фронту", якія адказваюць за канкрэтныя кірункі дзейнасці арганізацыі.

Акрамя таго, на канферэнцыі быў прыняты статут моладзевага грамадскага аб'яднання, у якім адзначаецца, што галоўнай мэтай "Маладога фронту" з'яўляецца садзеянне аб'яднанню і выхаванню моладзі на аснове беларускай нацыянальнай ідэі і хрысціянскіх прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасці на ўмовах дэмакратыі і свабоднага рынку, фарміраванне духоўна і фізічна моцнага пакалення.

Прадметамі дзейнасці новай арганізацыі з'яўляюцца адукацыйная і інфармацыйная дзейнасць, накіраваная на аб'яднанне, развіццё, духоўнае і сацыяльнае станаўленне моладзі, згодна са статутнымі мэтамі і задачамі. 8 траўня моладзевыя актывісты маюць намер падаць дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб'яднання ў Міністэрства юстыцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі