Стаў вядомы план па кампенсацыі беларусамі затрат на паслугі ЖКГ і транспарту
Урад пастановай № 18 зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. З гэтага дакумента вынікае, што павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі плануецца давесці да канца бягучага года да 75% кампенсацыі затрат на іх аказанне насельніцтву. Да канца 2018-га яна мусіць дасягнуць 100%.
Плануецца, што ў 2018 годзе беларусы будуць кампенсаваць транспартныя паслугі не менш чым на 70%. Такі ўзровень збіраюцца захаваць у 2019-2020 гадах. Да 2020-га запланаванае павышэнне рэгуляваных тарыфаў на паслугі электрасувязі і паштовай сувязі да 100% кампенсацыі затрат на іх аказанне насельніцтвам.
Як адзначае партал tut.by, пытанне павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарту рэгулярна ўздымаецца падчас перамоваў паміж уладамі Беларусі і Міжнароднага валютнага фонду. Беларускі ўрад збіраўся расцягнуць гэтыя змены да 2020 года, МВФ настойваў на 18 месяцах. Атрымліваецца, што Мінск у надзеі атрымаць крэдыт (3 млрд долараў) вырашыў выканаць патрабаванне МВФ.