Step Hall. “The Show”

130315_agljadacha.mp3

Мора, сонца, пальмы, пясок, шалёныя танцы і віно ў бакале. Гэта фанк, дзетка! А яшчэ “The Show” ад мінчукоў Step Hall.

Кожны другі мясцовы кавер-бэнд забаўляецца фанкам, але не кожны з іх выдае цэлыя альбомы ў стылі Джэймса Браўна і гарыць гэтай музыкай. Step Hall запісаліся ў пераемнікі гуру беларускага фанка спадара Фучыка і ўжо гучаць не горш за прызнаных бульба-фанкераў Chіefs Band. Але калі апошнія спрабуюць надаць стылю беларускі водар, Step Hall, наадварот, намагаюцца выглядаць крыштальна-фірмовай бандай з марамі пра Лос-Анджэлес.

“У нас занадта шмат агню і запалу, і толькі ў фанку гэта можа знайсці свой выхад”, — тлумачыць абраны шлях лідар гурта Андрэй Бібікаў. Step Hall падаюць фанк вялікімі порцыямі, не асабліва замарочваючыся на прыправах і экзатычных соўсах. Магчыма, таму большасць песень на альбоме “The Show” падобныя і гучаць, як адна прыгожая, жыццесцвярджальная летняя кампазіцыя.

Праўда, ёсць і адступленні ад правілаў. Напрыклад, “James Brown”, “The Only his Dream” ці “Она как прежде”. Андрэй Бібікаў, безумоўна, самародак. Ён тонка адчувае стыль і імкнецца да дасканаласці ў гучанні гурта. І сапраўды гэта ў яго атрымліваецца — прафесійнасці і зладжанасці каманды можна толькі пазайздросціць. Бібікаў цалкам у тэме, і ў параўнанні з ім выканаўца песні “The Only his Dream” яўна прайграе за кошт занадта эстраднага падыходу да пастаўленай задачы.

Песняй “Она как прежде” Step Hall становяцца больш зразумелымі. Бібікаў кажа, што ў будучую праграму гурта ўвойдуць песні на рускай мове. Аднак яму больш падабаецца Step Hall па-англійску, таму што такім чынам можна больш увагі надаваць мелодыям песень. І ствараць атмасферу “самага шчаслівага дня ў жыцці”.

Step Hall 2 гады гралі “The Show” на канцэртах і стаміліся. Выраслі з яго. Цяпер яны на паўгода сядаюць у студыю, каб запісаць наступны альбом. Там будзе шмат джаза і іншых ідэй. З прыправай і соўсам. Вось убачыце!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі