Столтэнберг: Украіна атрымае ад NATO чатыры ўстаноўкі СПА Hawk
Устаноўка Hawk / Wikimedia Commons
Іспанія перадасць Украіне чатыры пускавыя ўстаноўкі сістэмы СПА Hawk, заявіў генсакратар альянса Енс Столтэнберг на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.
Па яго словах, якія перадае hromadske.ua, таксама Украіна атрымае сотні прылад, якія будуць глушыць беспілотнікі. Яны маюць зрабіць неэфектыўнымі дроны расійскай і іранскайга вытворчасці, а таксама абараніць украінцаў і іх крытычную інфраструктуру.
Перадачу Украіне ўстановак Hawk пацвердзіў і кіраўнік Пентагона Лойд Осцін. Ён сказаў, што Іспанія прыняла гэтае рашэнне падчас сустрэчы міністраў абароны чальцоў NATO.
СПА Hawk — гэта сістэма сярэдняй вышыні і сярэдняй далёкасці. Яна была распрацаваная яшчэ ў 1960-х гадах, але з тых часоў неаднаразова дапрацоўвалася. Спярша яна прызначалася для перахопу самалётаў, але пасля яе зрабілі прыдатнай для перахопу ракет.
Дарэчы, 12 кастрычніка міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў пацвердзіў, што ва Украіну ўжо прыбыла нямецкая сістэма супрацьпаветранай абароны IRIS-T. Чакаецца яшчэ прыбыццё амерыканскіх зенітных ракетных комплексаў NASAMS.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.