Стралка па людзях на мінскім прыпынку ўзялі пад варту
29-гадовага мужчыну будуць судзіць за хуліганства.
25 верасня скончылася праца па крымінальнай справе на стралка, які раніў трох мінчукоў на прыпынку каля станцыі метро "Партызанская". Як піша "Ежедневник", крымінальную справу перадалі пракурору для далейшай перадачы ў суд.
Нагадаем, што здарэнне адбылося 22 чэрвеня. Тры чалавекі на прыпынку грамадскага транспарту былі параненыя з пнеўматычнай зброі і шпіталізаваныя. Цёмны аўтамабіль, у якім знаходзіўся стралок, не спыніў руху і, праехаўшы на чырвонае святло, схаваўся.
У гэты ж дзень аўтамабіль знайшлі ў Мінску. Чатырох чалавек, якія знаходзіліся ў ім, затрымалі ў ноч на 23 чэрвеня ў Мінскай вобласці. Абвінавачанне выставілі 29-гадоваму мінчуку.
Падчас расследавання выявілася, што нецвярозы мужчына вырашыў праверыць набыты напярэдадні пнеўматычны пісталет. Па словах следчых, стралок "свядома дапускаў, што сваімі дзеяннямі можа прычыніць цялесныя пашкоджанні мноству людзей, якія знаходзіліся на прыпынку грамадскага транспарту".
Фота — ctv.by