Стралок Раман Грышаеў выйграў новы “фіят” і адмовіўся ад яго

Спартовец не здолеў заплаціць за растаможку 3 тысячы еўра. Але на гэтую машыну пры сённяшняй сваёй стыпендыі ён збіраў бы грошы 65 год. Беларус Раман Грышаеў перамог на турніры па стральбе па рухомай мішэні, што праходзіў у суседняй Польшчы, але адмовіўся ад ўзнагароды

Грышаеў: Усе блізкія гэта дрэнна, канечне, успрынялі. Чаму, нашто, няўжо б не назбіралі грошай на растаможку? Але калі я ўсё растлумачыў кожнаму – мяне зразумелі і падтрымалі.

Стралок кажа, што ён удзельнічаў у спаборніцтвах не дзеля аўтамабіля. Для яго прынцыпова было перамагчы і прыцягнуць увагу да віду спорту, які быў зняты з алімпійскай праграмы пасля мінулых летніх Алімпійскіх гульняў.

Грышаеў: Я лішні раз даказаў сабе, нашаму начальству і міжнароднаму саюзу, што стральба па рухомай мішэні не павінна быць знята. Але я такі адзін…

Хаця і кажа, што шмат часу на роздум, што ж рабіць з выйгранай машынай, у яго не было. У гэты дзень трэба было ад’язджаць. Таму Раман прыняў рашэнне адмовіцца, бо, паводле беларускіх законаў, аўтамабіль трэба было б растаможыць, што каштавала б спартоўцу каля 3 тысяч еўра:

Грышаеў: Пасведчання кіроўцы ў мяне няма, таму напачатку машына б проста стаяла. Я, канечне, не зусім з лёгкасцю развітаўся з прызам, бо ўсё ж-такі гэта грошы, якія патрэбны кожнаму. Але я спартовец, і займацца перагонкамі машын неяк не па мне. Я на сцэне, і мая задача – добра адстраляцца на агнявым рубяжы.

Еўрарадыё прааналізавала, што, знайшоўшы грошы, заплаціўшы падаткі з машыны і перапрадаўшы яе, хлопец мог бы атрымаць каля 10-11 тысяч еўра. Але такі варыянт яму не спадабаўся дый не прыйшоў у галаву. Не было побач і трэнера Уладзіміра Каваленкі, які б мог нешта параіць, бо, па яго меркаванні, добры вынік Рамана на турніры – цалкам заканамерны:

Каваленка: Ён быў лепшым на чэмпіянаце Еўропы. І быў падрыхтаваны да таго, што Раман выступіць добра. А што тычыцца суперфіналу… Гэта латэрэя, бо ён выйграў ўсяго 2 дзесятыя бала.

Раман кажа, што яшчэ малады і абавязкова заробіць на машыну, бо фіят “Панда”, які выйграў, яму не вельмі падабаецца. Але на гэтую машыну пры сённяшняй сваёй стыпендыі ў 44.200 беларускіх рублёў збіраў бы грошы 65 год. А ўвогуле, на думку стралка, прыз мусіць быць іншы.

Грышаеў: Землі ў Нармандыі… Але гэта я жартую. Для спартоўца лепшы прыз – гэта новая добрая зброя.

За адмову ад даволі дарагога прыза арганізатары турніру паабяцалі ў наступныя два гады кампенсаваць выдаткі на пражыванне і харчаванне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі