Студэнтаў могуць размеркаваць на прадпрыемства-банкрут?

Беларускія заводы ўжо даслалі заяўкі на маладых спецыялістаў у вядучыя ВНУ краіны. Але ўжо сёння на некаторых з гэтых прадпрыемстваў па некалькі месяцаў не выплочваюць заробкі.
Еўрарадыё пацікавілася, ці не патрапяць студэнты ў “рабства” на прадпрыемствы-банкруты.

Як высветлілася, “рабства” можна пазбегнуць. Маладыя спецыялісты маюць права пераразмеркавацца. Трэба толькі быць пільнымі, каб не памяняць шыла на мыла.

Сітуацыю патлумачыла супрацоўніца адзела кадраў БНТУ. Калі прадпрыемства абанкруцілася, ці па якіх іншых прычынах не мае больш патрэбаў у маладых спецыялістах, то за два месяцы яны павінны папярэдзіць пра гэта:

“Па-першае, у нас існуе папярэдняе размеркаванне. Калі ў красавіку – апошняе афіцыйнае размеркаванне, то дзесьці, скажам, у лютым будзе папярэдняе. І калі мяняецца сітуацыя, то прыходзіць прадстаўнік прадпрыемства, альбо ўстанова павінна нам паведаміць за 2 месяцы да размеркавання пра тое, што ў іх памянялася сітуацыя і што яны не могуць ужо прыняць маладых спецыялістаў, і што “калі ласка, скасуйце нашу заяўку”.

Калі ж малады спецыяліст ужо паспеў размеркавацца на завод-банкрут, то ён мае права на адмацаванне, а ягонае ВНУ будзе шукаць яму новае месца працы

БНТУ: “Размяркоўваецца, да прыкладу, ў красавіку, а прыходзіць у жніўні. Ён атрымоўвае “адмацаванне”, вяртаецца ў ВНУ і мы шукаем яму новае месца працы”.

У іншым беларускім універсітэце БДУІР прыгадалі, што такія выпадкі сапраўды здараліся, калі выпускнік, папрацаваўшы паўгода, вяртаўся з завода за іншым размеркаваннем. Прычына – банкруцтва прадпрыемства:

“Па гэтай прычыне – былі, але вельмі мала такіх выпадкаў”

Адно з прадпрыемстваў, на якім ужо сёння ёсць праблемы з выплатай заробкаў – мінскі “Мотавелазавод”. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што “Мотавела” нібыта не працуе ўжо два месяцы. А на сайце Мінгарвыканкаму вывесілі наступную інфармацыю:

“У сувязі з наяўнасцю запазычанасці па выплаце заработнай платы пракуратурай Ленінскага раёна г. Мінска 02.12.2008 была праведзеная праверка па факту парушэння ОАО “Мотавела” патрабаванняў арт.73 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы своечасовасці выплаты заработнай платы.

Паводле вынікаў праверкі ў дачыненні да генеральнага дырэктара ОАО “Мотавела” Шчагельскага В.Г. складзены адміністратыўны пратакол аб парушэнні арт.9.19 ч.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, акрамя таго, яму ўручанае прадпісанне пра неадкладную выплату працаўнікам ОАО “Мотавела” заработнай платы”.

Тым часам заяўкі на маладых спецыялістаў “Мотавела” ужо адаслаў. Праўда, сёлета іх менш, чым звычайна.

Мотавелазавод: “Мала сёлета. Дакладна сказаць не магу, але ў гэтым годзе менш, чым летась”

Цікава, што і праблемы з выплатай заробкаў на “Мотавела” адмаўляюць. Кажуць, што працаўнікам з месяца ў месяц спраўна выплочваюць грошы:

“Увогуле у нас такога не было на заводзе, каб не плацілі заробак. У нас заробак выплачваюць два разы на месяц – 15-га і 25-га. Была трошкі затрымка на пару дзён – не 15-га далі, а 17-га. А каб увогуле не давалі заробак – такога не было. Я вам шчыра кажу, без усякіх, такога не было. Кожны месяц плацяць, з месяца ў месяц. У гэтым месяцы нават дзіўна, далі ўсё і нават раней”.


Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі