Стынг выказаўся ў падтрымку Тыбету

Стынг, Мобі, Garbage, Аланіс Марысэт і іншыя сусветна вядомыя артысты падтрымалі тыбецкі народ у барацьбе за незалежнасць. Музыкі ўзялі ўдзел у запісы тэматычнай складанкі «Songs For Tibet», рэліз якога адбудзецца напярэдадні старту Алімпійскіх гульняў у Кітаі.

Рэліз «Songs For Tibet» на сэрвісе iTunes адбудзецца 5 жніўня, а на фізічных носьбітах складанку можна будзе набыць у музычных крамах пачынаючы з 12 жніўня. Сродкі, якія назбіраюць ад продажу складанкі, будуць накіраваныя ў фонд Art of Peace Foundation, які падтрымлівае духоўнага лідэра Тыбета Далай-Ламу.

Прадстаўнік Art of Peace Foundation Майкл Уол расказаў, што яны «жадалі выказаць сваю падтрымку тыбецкаму народу і данесці гэтае пасланне праз самы ўніверсальны сродак выразу – музыку, гэта асабліва важна ў той час, калі позіркі сусветнай грамадскасці будуць прыкаваныя да Кітаю».

Таксама ў праекце прынялі ўдзел Джон Маер, Дэйв Мэцьюс, Rush, Underworld, Сюзан Вега, Імоджэн Хіп, Дункан Шэйк і Дэміен Райс.

Трэба дадаць, што пасля нядаўняга канцэрту Б'ёрк у Пекіне, падчас якога яна выказала сваю падтрымку Тыбету, улады Кітая ўвялі строгія абмежаванні на выступы замежных артыстаў.

Фота: www.idolator.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі