Сухарэнка частаваў апазіцыйных журналістаў матчынымі яблыкамі

"Еўрарадыё" даведалася, як журналісты "Народнай волі" адшукалі былога старшыню беларускага КДБ. Ён адпачываў ў вёсцы Здуцічы Магілёўскага раёна, дзе жыве яго маці.
Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сцяпан Сухарэнка быў адпраўлены ў адстаўку 17 ліпеня. Афіцыйная прычына такога рашэння – пераход на іншую пасаду.

Але ўжо 20 ліпеня з’явіліся паведамленні аб затрыманні і арышце галоўнага кадэбэшніка краіны. Паведамлялася нават яго дакладнае месцазнаходжанне – СІЗА №1 на “валадарцы”. Як высветлілася, факт арышту не пацвердзіўся. 23 ліпеня Сцяпана Сухарэнку “вылічыла” і наведала карэспандэнт “Народай волі” Марына Коктыш. Ехаць давялося не на “валадарку”, а за 200 кіламетраў ад Мінска ў вёску Здуцічы.

Марына Коктыш: “Я проста падумала: “Ну, куды б я на яго месцы з’ехала?” і пачала тэлефанаваць і тую вёску. Пашцасціла – датэлефанавалася да ягонай матулі. Паразмаўляла з ёй, і было прынята рашэнне ехаць. Сам ён да тэлефона не падыходзіць і не хоча размаўляь на тэму сваёй адстаўкі”.

Як распавяла журналістка “НВ” Еўрапейскаму радыё, былы старшыня КДБ быў вельмі здзіўлены візітам, але пагаварыць не адмовіўся. Хоць і не стаў адказваць на пэўныя пытанні.

Марына Коктыш: “Я, калі рабіла з ім апошняе інтэрв’ю, запыталася пра ягоную кватэру. Казалі, што ў яго там зроблены вельмі дарагі рамонт. Ён запрасіў мяне да сябе ў госці, каб я на ўласныя вочы пабачыла, што ў яго і як. Таму калі я пагрукала ў брамку і ён мяне пабачыў, то быў у шоку. Я кажу: “Вы ж мяне запрашалі, вось я і з’явілася”. Ён жа мяне не выганіць”.
Але размаўляць на пэўныя пытыння “пакуль што”, як з асаблівым націскам адзначыла Марына Коктыш, не захацеў. Напрыклад, пра сваё будучае прызначэнне. Што тычыцца выказаных на некаторых сайтах версій сваёй адстаўкі, то Сцяпан Сухарэнка іх абверг.

Нагадаем, старшыні КДБ ставілі ў віну тое, што, нібыта, супрацоўнікі яго ведамства збілі кіраўніка Дзяржкантролю Ломаця. Маўляў, гэта была правакацыя супраць Міністра ўнутраных спраў Навумава. Былы старшыня КДБ сказаў, што калі б усё было так, як напісана, то ў адстаўку пайшоў бы не ён, а Навумаў.

Журналістка “НВ” расказала Еўрарадыё, што дом у маці былога кіраўніка спецслужбаў саму звычайны, як і большасць у вёсцы. Сцяпан Сухарэнка не ў запоі, настрой у яго нармальны і ён праста адпачывае “перад прызначэннем на новую пасаду”.

Марына Коктыш: “У нармальным ён настроі. Як і больасць чыноўнікаў, якім давялося зляцець з такой вышыні”.

Адстаўны чыноўнік ходзіць на рыбалку. Запрашаў на “ціхае паляванне” і журналістку. Адмовілася, аб чым шкадуе.

Марына Коктыш: “Дамовіліся на наступны раз. Трэба ж было матэрыял рабіць”.

У падарунак Сцяпану Сухарэнка журналістка прывезла бутэльку шампанскага. Піць яго былы старшыня адмовіўся і ў адказ пачаставаў яблыкамі з матчынага сада.


Фота — http://www.nv-online.info/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі