Супрацоўнікі ДАІ не сведчылі супраць моладзевых актывістаў

Суд над 10-цю ўдзельнікамі студзеньскіх вулічных акцый пратэсту ў Мінску працягнецца ў судзе Цэнтральнага раёна ў чацвер. 16 красавіка ў якасці сведкаў з боку абвінавачвання выступілі супрацоўнікі ДАІ. Аднак яны не далі паказанняў супраць моладзевых актывістаў.
17.59: Супрацоўнікі ДАІ не далі паказанняў супраць моладзевых актывістаў

16 красавіка ў якасці сведкаў з боку абвінавачвання выступілі супрацоўнікі ДАІ. Аднак яны не далі паказанняў супраць моладзевых актывістаў.

Вось што распавяла Еўрарадыё праваабаронца Алена Танкачова:

"Тыя сведкі, якія прадстаўлялі ДАІ, так бы мовіць, дастаткова якасна вытрымлівалі пазіцыю, яны не манілі. Яны давалі ацэнку таго, што адбывалася ў сувязі з дарожна-транспартным рухам на плошчы Незалежнасці. Ніводзін з гэтых сведкаў не даў паказанняў у адносінах тых, каго абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства. Яны патлумачылі, што ў адносінах гэтых людзей нічога не могуць паведаміць".

Паказанні супраць Кіма далі толькі двое праваахоўнікаў, якія яго затрымлівалі.

Суд працягнецца заўтра ў 10.30. Чакаецца, што раніцай у чацвер вырашыцца пытанне з допытам сведкаў з боку абароны. Мяркуецца, што могуць быць апытаныя актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік і палітык Анатоль Лябедзька.

Заўтра можа быць завершанае даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы.

15.58: Сведка сцвярджае, што Кім біў правай рукой, але ён - ляўшун

У Цэнтральным судзе Мінску працягваюцца допыты сведкаў. Двое сведак, якія ў цывільным знаходзіліся ў натоўпе дэманстрантаў, заявілі, што "вялі" Кіма ад Кастрычніцкай плошчы. Ім падалося, што ён "выконвае каардынацыйныя функцыі". Адзін з іх, нібыта, бачыў, што Кім нанёс удар кулаком правай рукой супрацоўніку ППС. Але вядома, што Кім - ляўшун.


15.29:
Кім ішоў на акцыі з... грамафонам

Сведка на судзе сказаў, што Андрэй Кім ішоў на вулічнай акцыі з... грамафонам. З гэтага выказвання ўсе засмяяліся. У пратакол унесеная заўвага за гэта Міхаілу Пашкевічу і Таццяне Цішкевіч, паведамляе Радыё Свабода.



14.41: У суде дае паказанні Андрэй Кім

Пасля перапынку паказанні дае Андрэй Кім. Хлопец сказаў, што ўпершыню ўбачыў пацярпелага Сычова толькі ў пастарунку. Сказаў таксама, што нікога не збіваў.

Сычоў, у сваю чаргу, заявіў, што Кім нанёс яму адзін удар у твар, недалёка ад ГУМу, калі моладзь спрабавала прарваць ланцуг ДАІ. Андрэй Кім адмаўляе гэта, паведамляе "Наша ніва".

12.53.
Палова абвінавачваных адмаўляецца даваць паказанні

Палова абвінавачваных адмаўляецца даваць паказанні, спасылаючыся на свае канстытуцыйныя правы. Іншыя сваёй віны не прызнаюць і перакладаюць адказнасць за студзеньскія падзеі на міліцыю і гарадскія ўлады.

Да 14-й гадзіны абвешчаны перапынак.

12.06:
Спецназ адціснуў групу падтрымкі ад будынка Цэнтральнага суда

Спецназ адціснуў групу падтрымкі ад будынка Цэнтральнага суда сталіцы і адвёў людзей у бок Трасцянецкай вуліцы.

Тым часам у судзе ніхто з абвінавачаных не прызнаў сваёй віны. Абвінавачаньне падсудных грунтуецца на паказаннях сьведкаў, фота- і відэаздымках, паведамляе "Наша ніва".


11.21: Абвінавачваныя заяўлялі хадайніцтва адносна беларускай мовы

Вось што распавяла Еўрарадыё правабаронца Алена Танкачова:

"Абвінавачваныя заявілі хадайніцтва адносна беларускай мовы вядзення судавытворчасці і запрашэнні перакладчыка з рускай мовы на беларускую ў выпадку, калі вядзенне справавытворчасці ў рамках судовага працэса не будзе здзейснена на беларускай мове. Яны трымаюцца выдатна. Відаць, што яны адчуваюць сваю правату.

Андрэй Кім, на жаль, знаходзіцца ў клетцы... Гледзячы на тым, як упэўнена ён сябе паводзіць, ён настроены на тое, каб спакойна і якасна прайсці гэты судовы працэс".

Аднак, як паведамляе "Наша ніва", хадайніцтва адносна перакладчыка і вядзення працэсу па-беларуску адхіленае з тым тлумачэннем, што яно «накіраванае на зацягванне працэсу».

10:28: У суд не пускалі некаторых фігурантаў справы


Працэс над 10-цю ўдзельнікамі студзеньскіх вулічных маніфестацый пачаўся сёння ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы.


У залу суда патрапілі каля 70 чалавек, а сярод іх прадстаўнікі амбасадаў, журналісты і праваабаронцы.

Цікава, што ў будынак суду спачатку не пускалі фігурантаў справы, паведамляе "Наша ніва". Справа ў тым, што ўсе яны апранутыя ў белыя майкі, на якіх спераду напісана «Люблю Беларусь», а ззаду — «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў гарантуецца дзяржавай. Артыкул 35 Канстытуцыі РБ». Ад іх патрабавалі, каб яны знялі гэтыя майкі, але пасля прапусцілі.

На суд прыйшлі прадстаўнікі АБСЕ, амбасадаў ЗША, Чэхіі і Францыі, вядомыя дзеячы дэмакратычнага руху Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Макаеў, Анатоль Шумчанка, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі ды іншыя.


09:04: У Мінску будуць судзіць 10 удзельнікаў студзеньскіх акцый пратэсту

10 удзельнікаў вулічнай акцыі пратэсту, якая адбылася ў Мінску 10 студзеня, будуць судзіць сёння ў судзе Цэнтральнага раёна.

На лаве падсудных адначасова апынуцца Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімір Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Таццяна Цішкевіч. Кім будзе сядзець у судовай клетцы, іншыя фігуранты справы размесцяцца ў залі.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука сёння судзіць не будуць. Яны несвоечасова азнаёмілася з матэрыяламі справы, таму працэс над імі перанеслі. Дата судовага паседжання па гэтых актывістах пакуль не вызначана.

Андрэя Кіма будуць судзіць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу, апроч акцыі прадпрымальнікаў, у віну яму ставіцца збіццё супрацоўніка ДАІ на мітынгу 21 студзеня. Толькі па другой справе яму пагражае да 6 шасці гадоў зняволення. Ад 31 студзеня Кім знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

1 красавіка суддзя Ільіна па хадайніцтву дзяржабвінаваўцы пастанавіла аб’яднаць дзве крымінальныя справы супраць моладзевага актывіста ў адну, нагадвае "Наша ніва".

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі