Сусветнавядомы фестываль Godskitchen Urban Wave адбудзецца ў Мінску

На апошнім паверсе Аляксандраўскага пасажу ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная найбуйнейшаму электроннаму фестывалю ў закрытым памяшканні Godskitchen Urban Wave. Ён адбудзецца 22 лістапада ў НВЦ "БелЭкспа".  У Беларусі фестываль арганізуе агенцтва "Карпарацыя забавак". Еўрарадыё адно з першых даведалася імёны хэдлайнераў фестывалю...

Арганізатары праекту Урбан вэйв сабралі журналістаў на вышыні птушынага палёту дзеля таго, каб па-новаму ацаніць межы нашага гораду. Яны, як абяцаюць арганізатары Godskitchen Urban Wave, пашырацца 22 лістапада.

Марыя Васільева, PR-мэнэджар праэкту Godskitchen Urban Wave : "Прэс-канферэнцыя праходзіць у незвычайным фармаце, у незвычайным месцы. Мы хацелі, каб вы здолелі адчуць дух гораду, які прыносіць з сабой Godskitchen Urban Wave. Гэтае мерапрыемства зменіць начное жыццё Мінска, ператворыць яго ў эпіцэнтр клубнай культуры сусветнага ўзроўню".

У прэс-канферэнцыі прымалі ўдзел дырэктар агенцтва "Карпарацыя забавак" Андрэй Аляксееў, dj Nerv, які у гэтым годзе ўдзельнічаў у Global Gathering Freedom Festival, а таксама Марыя Васільева.

Андрэй Аляксееў: "Гэта сусветна вядомы брэнд, які існуе з 1996 года. Увогуле электронная музыка пачала развівацца з 1993 года, таму, калі прасачыць гісторыю Godskitchen Urban Wave, можна пабачыць, як развівалася электронная сцэна"


Дырэктар агенцтва"Карпарацыя забавак" зазначыў, што Godskitchen Urban Wave будзе адрознівацца ад Global Gathering Freedom Festival, а таксама пераўзыйдзе першае мерапрыемства ў межах праекту Urban Wave "Downtown music".

Андрэй Аляксееў: "Усё шоў пабудавана на спецэфектах, лазарах. У нас не будуць выкарыстоўвацца праэкцыйныя экраны, будуць усталяваныя велізарныя лэт-экраны, на якіх пастаянна будзе круціцца відэаінсталяцыя. Спецыяльна з Англіі прыязджаюць тры віджэі, якія пад музыку дыджэяў будуць мікшыраваць відэаплынь".

На Godskitchen Urban Wave 22 лістапада выступаць два хэдлайнера: Sander Kleinenberg і Paul Woolford. Разам з імі на галоўнай сцэне будзе граць рэзідэнт Godskitchen Urban Wave Eston.У межах міжнароднага інтэрактыўнага праекту Urban Wave, Godskitchen Urban Wave - галоўнае мерапрыемства. Гэты фестываль праходзіў у Вялікай Брытаніі, ЗША, Аўстраліі, Кітаі Сінгапуры і г.д. У гэтым годзе, акрамя нашай краіны, Гадскітчэн адбудзецца ў Паўднёвай Афрыцы, Румыніі, Расіі, Турцыі, Польшчы і Украіне. Пачынаючы са студзеня 2008 года ён ужо сабраў 300 тыс. чалавек па ўсім свеце.

DJ Nerv: "Sander Kleinenberg - гэта чалавек з сусветным імем, знаходзіцца ў топ-100 па версіі самага прэстыжнага он-лайн дыджэй-галасавання "Мікс-маг". Я спецыяльна ездзіў на ягоныя выступленне ў Пецярбург на закрыты фестываль "Форт дэнс". Ён быў там хэдлайнерам яшчэ ў 2003 годзе. Гэты дыджэй пастаянна развіваецца, і я нават не ўяўляю, што будзе адбывацца 22 лістапада: плануецца, што яго музыка будзе насычана відэаплынню, ці наадварот...


Другі хэдлайнер Paul Woolford - яркі прадстаўнік электроннай сцэны, вельмі эпатажны, і гэта адлюстроўваецца ў ягоных сэтах. Таксама будзе пастаянны рэзідэнт фестывалю Godskitchen Urban Wave, які фактычна аб'ездзіў увесь свет, мае вельмі вялікі досвед".


Джэймс Алгейт, арганізатар Godskitchen Urban Wave у Лондане, накіраваў беларускім клаберам відэазварот.


Джэймс Алгейт: "Клубная культура Мінска адназначна змянілася пасля фестывалю Global Gathering Freedom Festival. Беларусь - новая тэрыторыя, на якую мы зараз нацэленыя. Мы ніколі не працавалі з беларускім клабінгам. Пачаць працу ў вас было нечым новым для нас. Усе адчулі, што наш фестываль Global Gathering Freedom Festival у Беларусі быў лепшым нашым фестывалем у 2008 годзе: фенаменальныя людзі, натоўп, атмасфера, і гэта адчулі не толькі мы. Я лічу, што гэта добры пачатак для Godskitchen Urban Wave.

Кожны год на фестываль прыязджаюць таленавітыя людзі. У гэтым годзе будзе таксама вельмі шмат новых асоб, якія ніколі раней не былі ў Беларусі. 22 лістапада мы правядзем нашыя першыя клубныя шоў, і надалей мы плануем правесці яшчэ два фестывалі. У нашых планах павялічваць колькасць фанатаў у Беларусі з году ў год, як мы рабілі ўва Ўкраіне".



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі